Дутэртэ прыпыніў вайну з наркотыкамі і ўзяўся за карупцыю

Прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ паабяцаў, што антынаркатычная кампанія адновіцца пасля таго, як паліцыя будзе "ачышчана" ад карупцыі.

Радрыга Дутэртэ. Фота AFP

Радрыга Дутэртэ заявіў, што прыпыняе вайну з наркагандлярамі і наркаманамі, каб ачысціць паліцыю ад карупцыі.

"Вы, паліцыянты, самыя карумпаваныя. Вы карумпаваныя дарэшты. Гэта ваша сістэма", — цытуе Дутэртэ “Франс прэс”.

Па словах Дутэртэ, каля 40% паліцэйскіх ўцягнутыя ў незаконную дзейнасць.

Дутэртэ абяцаў аднавіць антынаркатычную кампанію пасля "ачышчэння" паліцыі, прычым барацьба з наркотыкамі будзе працягвацца аж да 2022 года, калі скончацца прэзідэнцкія паўнамоцтвы Дутэртэ.

Заявы Дутэртэ былі прынятыя пасля скандалу з выкраданнем і забойствам паўднёвакарэйскага бізнесоўца Чы Іч Чу. Улады Паўднёвай Карэі заявілі, што бізнесовец быў забіты філіпінскімі паліцыянтамі.

Кіраўнік нацыянальнай паліцыі Філіпін Рональд дэла Раса заявіў, што наркапаліцыя краіны будзе расфармаваная.

Дутэртэ знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта краіны ўжо сем месяцаў. Пасля яго прыходу да ўлады на Філіпінах пачалася кампанія па барацьбе з наркагандлем, у ходзе якой паліцыянты, па розных ацэнках, забілі больш за 2,5 тысячы чалавек, якіх яны абвінавацілі ў наркагандлі або прыёме наркотыкаў.

Праваабаронцы і сваякі загінулых сцвярджаюць, што ахвярамі паліцыі часта станавіліся безабаронныя людзі.

Дутэртэ раней заяўляў, што асабіста застрэліў трох наркагандляроў.

У верасні былы наёмны забойца Эдгар Матабата падчас сенацкіх слуханняў, прысвечаных пазасудовым расправам у краіне, заявіў, што Дутэртэ загадваў яму забіваць злачынцаў і яго апанентаў. Паводле яго слоў, у выніку падобных пазасудовых расправаў былі забітыя каля тысячы чалавек. Сам Дутэртэ адмаўляў сваё дачыненне да забойстваў.

Паводле ВВС



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць