DW: Абслугоўванне самалёта Лукашэнкі ў Гамбургу ідзе згодна з планам

Прадстаўнік кампаніі Lufthansa Technik абверг паведамленне пра адмову рабочых праводзіць тэхабслугоўванне беларускага самалёта, на якім, як лічыцца, лётае Аляксандр Лукашэнка, паведамляе www.dw.com.



Лукашэнка лётаў на сваім самалёце да Пуціна ў Сочы 14 верасня

"Сэрвіснае абслугоўванне ўсіх самалётаў нашых кліентаў у Гамбургу праводзіцца ў адпаведнасці з графікам", — такі адказ 15 кастрычніка атрымала DW ад афіцыйнага прадстаўніка кампаніі Lufthansa Technik ў Гамбургу Вольфганга Райнерта (Wolfgang Reinert) на пытанне аб тым, ці праўда, што супрацоўнікі гэтай фірмы адмовіліся праводзіць рэгулярныя сэрвісныя работы па абслугоўванні самалёта Аляксандра Лукашэнкі.

Раней беларускі інфармацыйны партал "Наша Ніва" паведаміў, што рабочыя Lufthansa Technik не хочуць абслугоўваць самалёт Лукашэнкі, і што яны “нагадалі пра аналагічную адмову Чаўшэску". Такая інфармацыя з'явілася і ў шэрагу іншых СМІ.

"Наша Ніва" спаслалася на заяву мясцовага аддзялення нямецкага прафсаюза Ver.di. У ёй сапраўды гаворыцца пра тое, што 13 кастрычніка ў Гамбург прыляцеў беларускі Boeing 737 з бартавым нумарам EW-001PA на чарговае тэхабслугоўванне кампаніі Lufthansa Technik. "Гэта самалёт Лукашэнкі, які ў той жа самы час аддае загад страляць у дэманстрантаў у Беларусі", — пішуць прафсаюзныя актывісты.

Далей яны падрабязна распавядаюць пра сітуацыю ў Беларусі, пра пратэсты і арышты апазіцыянераў, ужыванне ўладамі гвалту і катаванняў, пра бяспраўе рабочых, пра парушэння правоў чалавека, рэпрэсіі супраць беларускіх стачкамаў.

Ver.di нагадвае таксама, што 31 год таму працоўныя Lufthansa Technik у Гамбургу абвясцілі страйк, каб не абслугоўваць самалёт прэзідэнта Румыніі Мікалая Чаўшэску ў той час, калі ён "загадаў душыць пратэсты рабочых і работніц". 

Забастоўка ў Гамбургу не абвешчаная

Аднак гэтым разам забастоўка не абвешчаная. Прафсаюз чакае толькі, што "адміністрацыя Lufthansa Technik устрымаецца ад якіх-небудзь санкцый у тым выпадку, калі супрацоўнікі і супрацоўніцы адмовяцца працаваць з адпаведным самалётам".

Між тым нямецкі прафсаюз Ver.di вылучыў патрабаванні на адрас беларускіх уладаў: спыніць падаўленне пратэстаў, забяспечыць права на страйк і арганізацыю незалежных прафсаюзаў, вызваліць усіх палітвязняў і аднавіць на працы звольненых. "Мы патрабуем адстаўкі Лукашэнкі і правядзення сапраўдных дэмакратычных выбараў", — гаворыцца таксама ў дакуменце.

Паводле www.dw.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: