Дыягназ Шапэна пацвердзіўся праз паўтара стагоддзя пасля смерці

Група навукоўцаў, якая ў 2014 годзе атрымала дазвол агледзець сэрца вялікага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна, якое захоўваецца ў адной з калон у варшаўскім касцёле Святога Крыжа, нарэшце апублікавала сваё заключэнне. Даследнікі пацвердзілі прыжыццёвы дыягназ Шапэна — сухоты.
З нагоды хваробы, ад якой памёр 39-гадовы Шапэн, было выказана нямала гіпотэз. Тагачасныя лекары лічылі, што ў кампазітара сухоты, але некаторыя сучасныя навукоўцы лічылі, што ў першай палове XIX стагоддзя шэраг хвароб яшчэ не ўмелі адрозніваць і зводзілі іх усе да сухотаў. Таму некаторыя даследнікі ставілі Шапэну іншыя дыягназы: мукавісцыдоз, прыроджаны дэфіцыт альфа 1-антытрыпсіна, стэноз мітральнага клапана, сіндром Чарга-Строса, алергічны бронхапульманальны аспергілёз, гіпагамаглабулінэмія, ідыяпатычны гемасідэроз лёгкіх, абсцэс лёгкага, прыроджаная лёгачная артэрыявенозная мальфармацыя. Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у нарысе «Дыягназ Шапэна».

Красавіцкай ноччу 2014 года святары і судова-медыцынскія эксперты выявілі калону, дзе захоўваецца сасуд з сэрцам Шапэна, каб праверыць яго захаванасць. Сэрца не выносілі з сабора і ў тую ж ноч змясцілі на ранейшае месца. Падчас агляду былі зробленыя сотні фатаграфій, якія потым дазволілі візуальна ацаніць стан органа.

Сэрца Шапэна было пагружана ў бурштынава-карычневую вадкасць, хутчэй за ўсё, каньяк, які ў яго час звычайна выкарыстоўваўся для кансервацыі органаў. Навукоўцы на чале з Міхалам Вітэ (Michal Witt) з Інстытута генетыкі чалавека Польскай акадэміі навук, пасля візуальнага агляду сэрца і вывучэння фатаграфій прыйшлі да высновы, што ў Шапэна былі хранічныя сухоты, а непасрэднай прычынай смерці стала адно з частых ускладненняў гэтай хваробы — перыкардыт, запаленне сардэчнай абалонкі.

Паводле Pro Science

Каментаваць