Дыктатура назаўсёды?

Дзякуючы падзеям у Нагорным Карабаху аўтарытарны рэжым Ільхама Аліева сёння выглядае як ніколі ўстойлівым. Ці гэта толькі ілюзія?


Канец канфлікту на Паўднёвым Каўказе адразу ж спарадзіў спрэчку: хто стаў бенефіцыярам такой развязкі, а хто прайграў? Да лагеру тых, хто прайграў, відавочна адносіцца Арменія, якая яшчэ доўгія гады будзе адчуваць наступствы восеньскай катастрофы 2020-га.

У спіс пераможцаў адназначна ўключаюць Азербайджан, які нечакана атрымаў нашмат больш, чым мог сабе ўявіць яшчэ некалькі тыдняў таму — усе сем раёнаў вакол Карабаху і яшчэ ў дадатак горад Шуша.

Відавочна, бонусы ад спынення агню атрымала Турцыя. У пагадненні з дзевяці пунктаў галоўным для Анкары стала абяцанне пабудаваць транспартны калідор праз раён Мегры ў Арменіі. Тэарэтычна, ён можа звязаць Турцыю з Цэнтральнай Азіяй, што ўзмоцніць пазіцыі Анкары не толькі ў рэгіёне, але, як баяцца ў Маскве, нават дазволіць ёй уплываць на настроі ў цюркскіх аўтаноміях Волгі і Урала. Дзеянні Расіі разглядаюцца супярэчліва, але так ці інакш у Карабаху будуць размешчаныя яе міратворцы.

Трыумфатарам з апошняга канфлікту таксама выйшаў і персаніфікаваны аўтарытарны рэжым Ільхама Аліева. Няма сумневаў: калі б Аліеву заўтра трэба было пераабірацца, ён выйграў бы выбары з гіганцкім адрывам. «Нават калі зменіцца эканамічная сітуацыя, нават калі краіна яшчэ больш будзе эвалюцыянаваць у бок аўтакратыі, для яго асабіста і для палітычнай сістэмы, якую пабудавалі яго бацька Гейдар і сам Ільхам Аліеў, пачатак вяртання Карабаху — дасягненне, якое ў Азербайджане будуць памятаць заўсёды», — прызнае газета «Новые Известия».

Адначасова можна казаць пра тое, што азербайджанская апазіцыя працягне заставацца маргінальнай. Хаця нейкія шансы ў яе на пачатку гэтага года з’явіліся. Тады перад краінай паўсталі вялікія выклікі: яна стала закладніцай падзення цэнаў на нафту — галоўнага экспартнага тавару Азербайджана. Акрамя таго, як і паўсюль у свеце, у Баку аказаліся не гатовыя да эпідэміі.

20 сакавіка агульнае раздражненне эпідэміялагічнымі мерамі і пагаршэннем гаспадаркі вылілася ў беспарадкі ў Баку. У адказ Аліеў асабіста абвінаваціў апазіцыю ў правакацыях, заявіўшы, што тая сее паніку сярод насельніцтва. Перлінай выступу гаранта быў наступны пасаж: «Ізаляцыя актывістаў стала ўжо гістарычнай неабходнасцю». Праз два дні адзін з дысідэнтаў сапраўды быў арыштаваны за хуліганства і асуджаны ў верасні да чатырох гадоў зняволення.

З пачаткам баявых дзеянняў на карабахскім фронце апазіцыя адразу паспрабавала стварыць сабе імідж мегапатрыётаў. Мяркуючы па заявах яе лідараў, у апазіцыйных штабах марылі падштурхнуць уладу да абвяшчэння шырокай шматпартыйнай кааліцыі. Паколькі рэжым такія прапановы ігнараваў, апаненты Аліева аднавілі крытыку на адрас рэжыму, абвінавачваючы яго ў няздольнасці дамагчыся перамогі.

Фактычна, такой тактыкі ў апазіцыі прытрымліваюцца да гэтага часу. Напрыклад, падымаецца тэма, чаму Аліеў не ўзяў увесь Карабах, дапусціў увод расійскіх войскаў. «Момант, калі мы раз і назаўсёды маглі вырашыць карабахскае пытанне, мы пакідаем яго ў падвешаным стане. Гэта значыць, мы перадаём праблемы прысутнасці ворага ў Карабаху нашым дзецям? Нам не хапае ахвяраў? Трэба, каб у будучыні ахвярамі ў Карабаху станавіліся тыя, каму сёння па некалькі гадоў?» — абураецца апазіцыйны бакінскі журналіст Рауф Насіраў.

Апазіцыя Азербайджана таксама заклікае Аліева заключыць паўнавартасны ваенны саюз з Турцыяй, матывуючы гэта тым, што Расія, нібыта, парушыла палажэнні трохбаковай дамовы па Карабаху, размясціўшы ў зоне правядзення міратворчай аперацыі няўзгодненыя сістэмы ўзбраенняў і наглядальныя пасты.

Зрэшты, некаторыя лічаць стаўку на крытыку Аліева ў новых умовах бесперспектыўнай. Днямі адзін з лідараў азербайджанскай апазіцыі, старшыня Ліберальнай партыі Лала Шэўкет вітала ўзяцце Шушы, выказаўшы «велізарную падзяку прэзідэнту Ільхаму Аліеву за тое, што ён ператварыў пераможаны народ у пераможную нацыю». Можна меркаваць, палітыку не даюць спакою лаўры нашай Ганны Канапацкай...

Калі меркаваць па інтэрв’ю, якое Аліеў даваў журналістцы ВВС, ніякай адлігі ў Азербайджане не прадбачыцца. На папрокі журналісткі наконт пераследу ў краіне незалежных СМІ Ільхам адказаў напамінам пра лёс Джуліяна Асанжа — заснавальніка WikiLeaks, які знаходзіцца ў брытанскай турме.

У гэтым плане самае інтрыгоўнае пытанне: ці будзе выкарыстаны Аліевым ваенны поспех у Карабаху для канчатковага замацавання перадачы прэзідэнцкай улады ў спадчыну? Раней казалі пра магчымасць перадачы ўлады ў 2025 годзе жонцы прэзідэнта, віцэ-прэзідэнту Мехрыбан Аліевай. Такі транзіт улады выглядае найбольш прывабна, паколькі ўсё застанецца ў руках адной сям’і. Аднак шмат хто адразу казаў, што Турцыя, уплыў якой на берагах Каспію пасля карабахскага канфлікту значна вырас, была супраць такога сцэнару. У тым ліку з гэтай прычыны будучыня дынастыі Аліева не такая бясхмарная, як падаецца цяпер.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: