Дзень Волі па-ўкраінску

Ва Украіне 22 студзеня адзначылі гадавіну Універсалу пра незалежнасць, які сто гадоў таму абвясціла Украінская Народная Рэспубліка.

Фота www.unian.net

Аднак назваць маштабнымі цяперашнія афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Украіны вельмі цяжка.

Галоўнай пляцоўкай адз­начэння гадавіны сталі музеі, дзе адбыліся тэматычныя выставы. Адну з іх, што знахо­дзіцца на тэрыторыі ВДНГ, 22 студзеня наведаў украінскі прэзідэнт і першая лэдзі. Акрамя таго, на месцах прайшлі сходы грамадскасці і мітынгі. Напэўна, самым вялікім атракцыёнам стаў бранявік з надпісам «Пятлюра», які рэстаўратары прыгналі ў цэнтр сталіцы. Прэса таксама адзначыла акцыю на Крышчаціку, дзе ўздоўж вуліцы разгарнулі сцяг-рэкардсмен (1 кіламетр 59 метраў і 95 сантыметраў).

Апісаныя святкаванні — не фармалізм, аднак наўрад ці яны могуць параўнацца па маштабу з тым жа Днём незалежнасці або з ушанаваннем герояў «Нябеснай сотні». Дарэчы, 22 студзеня адзначалася яшчэ адно важнае свята ва ўкраінскай гісторыі — Дзень саборнасці Украіны. У той дзень у 1919 го­дзе быў падпісаны Акт уз’яднання Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР) у адзіную ўкраінскую дзяржаву.

Сціпласць святкавання 22 студзеня можна часткова патлумачыць тым, што УНР, як ні круці, — гэта частка даўняй гісторыі, якая, у адрозненне ад тэмы Галадамору або Другой сусветнай вайны, мала чапляе людзей асабіста.

Да таго ж, сярод часткі нацыяналістаў характэрнае асцярожнае стаўленне да УНР, лідары якой актыўна фліртавалі з Леніным, Дзянікіным і палякамі. Частка бацькоў-заснавальнікаў УНР лічыла, што незалежнасць украінцам падсоўваюць немцы. Дастаткова ўзгадаць лёс прэзідэнта УНР Міхаіла Грушэўскага, які пасля Грамадзянскай вайны пакаяўся перад Саветамі, вярнуўся ў СССР, дзе памёр у стане паважанага акадэміка АН УССР.

Важны нюанс і ў тым, што цяпер Украіна ў крызісе і ў становішчы вайсковай канфрантацыі, калі патрэбныя прыклады перамогі, а спроба атрымання незалежнасці сто гадоў таму скончылася катастрофай. З іншага боку, тая трагедыя дала нагоду цяперашнім палітыкам праводзіць паралелі паміж сваімі канкурэнтамі і лідарамі УНР, якія правалілі праект украінскай дзяржаўнасці.

Так, Пётр Парашэнка, які ўвесь час сварыцца з апазіцыяй, падкрэсліў: «Галоўнае, што не дало тады з’явіцца ўкраінскай незалежнай дзяржаве — недахоп унутранага адзінства, палітычныя спрэчкі, анархія». «Парахаботы» (так называюць аматараў украінскага прэзідэнта) хутка расшыфравалі пасланне кіраўніка дзяржавы. «Сто гадоў таму ў іх (апазіцыянераў) ужо былі прататыпы. Грушэўскі, Вінічэнка, Пятлюра, Скарападскі — усе яны, па-свойму, мілыя людзі. Але ў гісторыю яны ўвайшлі як мудакі, што страцілі краіну. Вось пра што трэба памятаць у гэты святочны дзень Юлі, Мішу і іх фанатам», — піша праўладнае выданне «Обозреватель».

У сваю чаргу, апазіцыя кажа, што менавіта Парашэнка вядзе Украіну па шляху УНР, паставіўшы асабістыя інтарэсы вышэй за дзяржаўныя. Першым доказам фігуруе скандальны калядны адпачынак прэзідэнта на Мальдывах, які каштаваў каля паўмільёна долараў. На думку шмат каго, з маральнага пункту гледжання так раскошна адпачываць прэзідэнту «ваюючай краіны» — амаральна, а для вярхоўнага галоўнакамандуючага — папросту злачынна. Курортныя гулянкі нагадваюць прыгоды міністраў УНР, якія дзеля грошай выкрадалі банкіраў. Менавіта праз гэта, дарэчы, немцы і ліквідавалі УНР у красавіку 1918-га.

Фота www.ru.espreso.tv



У каментары «Новаму Часу» кіеўскі палітолаг Юрый Палянін кажа, што юбілей апынуўся закладнікам часу.

«У палітыкуме няма запыту на кампраміс, які сапраўды спрабавалі шукаць заснавальнікі УНР. Затое існуе запыт на радыкальныя ўчынкі. Таму сёння на самым версе пантэона ўкраінскіх нацыяналістаў знаходзяцца лідары АУН і УПА, якія ў жыцці былі больш бескампрамісныя і рашучыя. Між тым, напрыклад, антысавецкіх дысідэнтаў досвед УНР, якая пазіцыянавала сябе як дэмакратычная сацыяльная дзяржава, матываваў больш, чым правы радыкалізм АУН-УПА. Таму сур’ёзны аналіз феномену УНР і Універсалу пра незалежнасць яшчэ наперадзе», — лічыць палітолаг.

Застаецца дадаць, што пра УНР мы пачуем у гэтым годзе яшчэ не раз. Наступная буйная дата — сотая гадавіна бою пад Крутамі. Гэта станцыя на Чарнігаўшчыне, дзе сто гадоў таму — 29 студзеня 1918 года — купка кіеўскіх гімназістаў спрабавала спыніць наступ чырвоных. Увогуле, планавалася да юбілею зрабіць фільм, аднак не паспелі. Папярэдняя прэм’ера прызначаная на 14 кастрычніка — Дзень абаронца Украіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: