«Дзякуй, больш не трэба». Аўстралію завалілі рэчамі для дапамогі жывёлам

Канадскія валанцёры адправілі ў Аўстралію шэсць самалётаў медыкаментаў і вязаных рэчаў для дзікіх жывёл, якія пацярпелі падчас лясных пажараў. Але аўстралійскія ўлады папярэджваюць, што гэтыя праявы клопату могуць мець негатыўныя наступствы.
Доўгія месяцы разбуральных лясных пажараў у Аўстраліі пакінулі ў складаным становішчы мноства дзікіх жывёл. Брыяні Макдональд, якая пераехала ў краіну з Канады сем гадоў таму, вырашыла ім дапамагчы.

Разам з маці і двума сёстрамі, якія жывуць у Канадзе, яна далучылася да кампаніі па зборы самаробных рэчаў — кошыкаў, куртак, мяхоў — для жывёл, якія пацярпелі ад лясных пажараў. Уся іх сям'я ўступіла «Канадзкую гільдыю выратавання жывёл з дапамогай рукадзелля» (Canadian Animal Rescue Craft Guild) — суполка ў Фэйсбуку аб'яднала11 тысяч аднадумцаў з усёй Канады, якія захацелі шыць і вязаць дзеля добрай справы. Брыяні ператварыла свой дом у Сіднэі ў склад рэчаў, медыкаментаў і ежы, якія ёй дасылалі.

Усё гэта прызначалася для дабрачыннай арганізацыі Animal Rescue Cooperative, якая аказвае падтрымку выратавальнікам дзікіх жывёл у Аўстраліі. Неўзабаве ў яе доме ўжо не было месца, і ёй давялося зняць склад. Скрынкі з Канады падахвоцілася бясплатна даставіць на борце шасці сваіх камерцыйных рэйсаў у Аўстралію авіякампанія Air Canada.

Першы самалёт вылецеў з Галіфакса 17 студзеня, а апошні — 27 студзеня за Ванкувера. У выніку канадскія валанцёры адправілі ў Аўстралію шэсць самалётаў з рэчамі і медыцынскімі прэпаратамі для жывёл, якія пацярпелі ад лясных пажараў.

«Калі ласка, больш не адпраўляйце нічога ў Аўстралію»

Канада — не адзіная краіна, якая адправіла Аўстраліі падобную дапамогу. Калі ў стужках СМІ з'явіліся фатаграфіі і відэа пацярпелых жывёл, аматары вязання з Брытаніі, Азіі і ЗША таксама падахвоціліся дапамагчы. Але аўстралійскія ўлады асцерагаюцца, што іх добрыя намеры могуць прывесці да негатыўных наступстваў.

«На жаль, як гэта звычайна адбываецца, нас проста завалілі ахвяраванымі рэчамі», — распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу ABC прадстаўнік выратавальных службаў штата Новы Паўднёвы Уэльс Джэрэмі Хілмен.

Адна арганізацыя наогул заклікала цалкам спыніць адпраўляць дапамогу.

«Мы працягваем аказваць падтрымку як мага большай колькасці выратавальных аперацый, але ў цэлым [на запыты аб адпраўцы дапамогі] нам адказваюць: "Дзякуй, але не трэба "», — напісалі прадстаўнікі групы Animal Rescue Collective Craft Guild.

«Вялікі дзякуй за вашу падтрымку, салідарнасьць, цёплыя словы і клопат і дасланыя рэчы. Мы просім вас, калі ласка, больш не адпраўляйце нічога ў Аўстралію», — дадала арганізацыя.

Лішак пасылак ад добраахвотнікаў у такіх сітуацыях — далёка не рэдкасць, распавяла былы дырэктар амерыканскага Цэнтра інфармацыі аб катастрофах міжнароднага маштабу Хуаніта Рылінг.

«Апошнія 50 гадоў мы назіраем гэта па ўсім свеце: амаль пасля кожнага буйнога бедства ў велізарных колькасцях паступаюць няўзгодненыя ахвяраванні, якія проста перашкаджаюць выратавальным аперацыям», — расказала яна ў інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Пасылкі з іншых краін часцяком канкуруюць з мясцовымі выратавальнымі аперацыямі за ўзлётныя паласы аэрапортаў, рабочыя рукі і гаручае. Гэта стварае дадатковыя праблемы, калі гэтых рэсурсаў недастаткова. Падобныя рэчы часта аказваюцца на складах, якія часта больш патрэбныя выратавальнікам для іх непасрэднай працы. А цяжкія грузавыя самалёты, якія прылятаюць з іншых краін, выкідваюць вялікую колькасць парніковых газаў, чаго можна пазбегнуць, калі абмяжоўвацца больш лакальнымі пастаўкамі.

Найбольш эфектыўны спосаб дапамагчы падчас стыхійнага бедства — гэта фінансавыя ахвяраванні, нават самыя нязначныя, у арганізацыі, якія працуюць на месцах. Вядома, людзі проста хочуць дапамагчы, і ўсе разумеюць, што яны гэта робяць ад усёй душы. «Гэта выдатна. Але ёсць старая прыказка — у жаданні без ведання нічога добрага няма, і гэта якраз такі выпадак», — дадала Рылінг.

Што ж тычыцца канадскіх энтузіястаў, яны цяпер вяжуць для дзікіх жывёл бліжэй да хаты.

bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: