Дзяржпамежслужба Украіны тлумачыць, чаму беларусаў могуць не пускаць у краіну

У апошнія дні ў сацыяльных сетках з’яўляюцца апавяданні беларусаў, якіх не пусцілі ва Украіну. Гаворка ідзе пра мужчын, якія ехалі ў тым ліку з сем’ямі. Пры гэтым жонку і дзяцей пускалі, мужчын — не. Адмову ва ўездзе тлумачылі адсутнасцю неабходных дакументаў.


«Камсамольская праўда» датэлефанавалася на гарачую лінію Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Там пракаментавалі чуткі так:

— Правілы аднолькавыя як для мужчын, так і для жанчын: усе павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць мэту візіту, інакш праверка на другой лініі можа не дазволіць ўезд. Абавязковыя дакументы — пашпарт, страхоўка на лячэнне ад каронавіруса і адмоўны ПЦР-тэст на COVID-19. Калі грамадзянін Беларусі едзе на працу, у яго з сабой павінна быць запрашэнне ад арганізацыі на тэрыторыі Украіны — на афіцыйным бланку, з пячаткамі. Калі да сваякоў — натарыяльна заверанае запрашэнне ад іх. Калі на адпачынак — дакумент з санаторыя, напрыклад. А калі чалавек скажа, што едзе проста на адпачынак або за пакупкамі, пацвердзіць гэта наўрад ці ўдасца — могуць не ўпусціць.

Акрамя таго, пры ўездзе ва Украіну выбарачна правяраюць плацежаздольнасць. Трэба мець мінімальную суму — 7295 грыўняў (прыкладна $260 — НЧ), а таксама па 1459 грыўняў (прыкладна $50) на кожны заяўлены дзень знаходжання ў краіне. Неабходна будзе альбо паказаць наяўныя, альбо даць выпіску з банкаўскага рахунку.

Дарэчы, пры выездзе з Украіны назад у Беларусь пацвярджаць нічога не патрабуецца, дадалі ў памежслужбе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: