Эфект Ведзьмака

Вельмі рэдка культурныя прадукты Усходняй Еўропы становяцца глабальным феноменам. Так пашанцавала польскаму літаратару Анджэю Сапкоўскаму, які працуе ў жанры фэнтэзі.

Фота www.medialeaks.ru

Як вядома, восенню лаўрэатам літаратурнага Нобеля стала Вольга Такарчук. Парадаксальна, аднак шматлікія яе суайчыннікі былі не ў захапленні ад рашэння шведскіх акадэмікаў. У шэрагах кансерватараў Такарчук, хутчэй, вядомая актыўнай пазіцыяй у абарону правоў ЛГБТ. Адсюль — каскад канспіратыўных тэорый, што намінацыю пісьменніцы замовілі нейкія ліберальныя цэнтры для дыскрэдытацыі цяперашняга польскага ўрада, які стала абвінавачваюць у гамафобіі. Мелі месца нават публічныя акцыі пратэсту супраць лаўрэаткі.

А вось трыумф адаптацыі твораў Анджэя Сапкоўскага на канале Netflix падобных рэцыдываў не выклікаў. Мяркуючы па прэсе, палякі, нягледзячы на розныя палітычныя забабоны, ганарацца поспехам пісьменніка. Гэта не дзіўна, паколькі героямі яго твораў з’яўляюцца эльфы, гномы, чараўнікі, якіх цяжка ўпісаць у сучасны палітычны працэс.




Зрэшты, знайшліся і такія, хто палітызаваў нават казачных істотаў. Гаворка пра некаторых правых палітыкаў, якім не спадабалася прысутнасць на экране чарнаскурых статыстаў. Афра-эльфы і афра-гномы, як лічаць яны, супярэчаць рэаліям сярэднявечнай Польшчы, якая выяўленая ў кнігах Сапкоўскага.

Ліберальная прэса, у сваю чаргу, намагаецца давесці, што ў серыяле выяўленыя жыхары неіснуючага кантынента, дзе побач з людзьмі жывуць нейкія фантастычныя істоты. «Гэты край — не сярэднявечная Польшча ці нават Еўропа.

Гэты край можа мець некаторыя рысы, агульныя з рэчаіснасцю, якую мы ведаем, але тое ж самае можна сказаць і пра кожны літаратурны ўяўны свет», — адзначае інтэрнэт-выданне Spidersweb.

Сваё першае апавяданне пра ведзьмакоў Сапкоўскі апублікаваў аж у 1986 годзе, за некалькі гадоў да падзення камуністычнага рэжыму ў Польшчы. Паступова пад яго пяром паўстаў цыкл пра паляўнічага на монстраў ведзьмака Геральта, які шукае сваю зніклую прыёмную дачку ў выдуманым свеце, што нагадвае Усходнюю Еўропу часоў позняга Сярэднявечча. У гэтым свеце побач з людзьмі жывуць рознага кшталту чароўныя істоты і пачвары.

Вядзьмак з гульні CD Projekt Red

Папулярнасць твораў Сапкоўскага выйшла за межы радзімы пасля таго, як кампанія CD Projekt Red на пачатку нулявых адаптавала іх сюжэты да відэагульняў. Раней былі спробы экранізацыі сагі намаганнямі польскага кінематографа, якія цяжка назваць удалымі з-за сціплых рэсурсаў.

Вядзьмак з гульні CD Projekt Red

Вядзьмак з гульні CD Projekt Red


Пану Анджэю давялося чакаць, калі за экранізацыю яго творчасці ўзяўся канал Netflix. Няхай серыял «Вядзьмак» дзесьці адыходзіць ад арыгінала, але вынік апынуўся фенаменальным. Дастаткова сказаць, што па слядах першага сезона, які дэманстраваўся ў снежні, Сапкоўскі стаў самым папулярным пісьменнікам на Amazon.

Ёсць, вядома, у серыяла і крытыкі. Як правіла, ім не падабаецца занадта дынамічны сюжэт, што, нібыта, ратуе выключна гульня акцёра Генры Кавіла і чорны гумар. Кажуць таксама, што «Вядзьмак» эксплуатуе поспех «Гульні тронаў». Нездарма пасля поспеху «Ведзьмака» стала вядома пра намер канкурэнтаў Netflix хутка зрабіць нешта аналагічнае. Вядома, што канал НВО, які здымаў «Гульні», запускае серыю спін-офаў «Гульняў тронаў». У сваю чаргу, Amazon ужо анансаваў інвестыцыю памерам у мільярд долараў для здымкаў пяці сезонаў серыялу па матывах «Уладара пярсцёнкаў» Толкіена.

Аднак наступствам поспеху «Ведзьмака» стаў не толькі новы раўнд вайны за рынак фэнтэзі. Напэўна, упершыню ў свеце сталі казаць пра ўсходнееўрапейскі накірунак у гэтым жанры. Як вядома, напэўна яшчэ з часоў Толкіена прататыпам выдуманых чароўных краін у літаратуры фэнтэзі была сярэднявечная Заходняя Еўропа. Цяпер упершыню ў свеце зацікавіліся нашым рэгіёнам, яго гісторыяй і казачным фальклорам шматлікіх народаў, якія жылі тут у часы Сярэднявечча.

Кадр з польскага фільма "Вядзьмак" (2001 год)

«Дэкарацыі серыялу “Вядзьмак” (і складаны канфлікт, які раздзірае яго сюжэт на часткі) нагадвае фундаментальную гісторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта частка Еўропы, якая цягнецца ад усходняй мяжы Германіі да ўнутранай часткі Расіі, была арэнай міграцыі і ўварванняў з Захаду, Блізкага Усходу і Азіі, хоць гісторыя гэтага раёна з’яўляецца няпоўнай і смутнай. Да канца Х стагоддзя ў гэтым раёне знаходзіліся славяне, гуны, цюркамоўны (але таксама шматэтнічны і шматканфесійны) Хазарскі каганат, германскія франкі, мадзьяры, Кіеўская Русь і іншыя», — з захапленнем піша выданне Polygon у рэцэнзіі на серыял Netflix. І такіх публікацый вельмі шмат.

Застаецца спадзявацца, што нехта з тых беларусаў, хто займаецца фэнтэзі, скарыстаецца незвычайным кан’юнктурным попытам у свеце на нашых ведзьмакоў і іншых прадстаўнікоў нячыстай сілы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: