Эколагі фіксуюць рост колькасці прыродных катастроф у свеце

Усяго за перыяд з 2000 па 2019 год у свеце зарэгістравана больш за 11 тыс экстрэмальных з'яў надвор'я, у выніку якіх загінулі амаль 480 000 чалавек. Матэрыяльны ўрон за гэты час склаў 2,56 трлн долараў.
Наступствы цыклону Ідай у Мазамбіку

Наступствы цыклону Ідай у Мазамбіку

Рост колькасці экстрэмальных прыродных з'яў напрамую звязаны са зменамі клімату. Да такіх высноў прыйшлі эксперты экалагічнай арганізацыі Germanwatch. "2019 год увойдзе ў гісторыю як год разбуральных ураганаў", — адзначаецца ў падрыхтаваным арганізацыяй традыцыйным Індэксе глабальных кліматычных рызык (KRI), апублікаваным у панядзелак, 25 студзеня. Аналіз паказвае, што краіны, якія развіваюцца, застаюцца асабліва ўразлівымі да стыхійных бедстваў, такіх як штармы, паводкі або засухі. Але шкода ад прыродных катаклізмаў расце і ў развітых краінах.

Паводле рэйтынгу, у 2019 годзе найбольш уразлівымі для прыродных катастроф аказаліся Мазамбік, Зімбабвэ і Багамскія выспы. У першую дзясятку таксама трапілі Японія, Малаві, Афганістан і Індыя. Мазамбік, Зімбабвэ і Малаві моцна пацярпелі ад наступстваў трапічнага цыклона Ідай, які стаў самым разбуральным у заходняй частцы Індыйскага акіяна за ўсю гісторыю метэаназіранняў. У трох краінах загінулі больш за 1100 чалавек, сумарны ўрон перавысіў 6 млрд долараў.

Амаль паўмільёна загінулых за 20 гадоў

У доўгатэрміновым індэксе, які разглядае наступствы экстрэмальных з'яў надвор'я за апошнія 20 гадоў (2000 — 2019 гады), мацней за ўсё пацярпелі Пуэрта-Рыка, М'янма і Гаіці. За імі ідуць Філіпіны, Мазамбік і Багамскія выспы.

Усяго за перыяд з 2000 па 2019 гады, адзначаюць эколагі, па ўсім свеце зарэгістравана больш за 11 тысяч экстрэмальных з'яў надвор'я, у выніку якіх загінулі амаль 480 000 чалавек. Матэрыяльны ўрон за гэты час склаў 2,56 трлн долараў ЗША.

Восем з дзесяці найбольш уразлівых ад прыродных катаклізмаў дзяржаў, адзначаных у доўгатэрміновым індэксе, уваходзяць у групу краін з нізкім узроўнем даходаў на душу насельніцтва. Але той факт, што Японія займае чацвёртае месца ў індэксе на 2019 год, а Германія ўваходзіць у лік першых 20 дзяржаў у доўгатэрміновым індэксе, паказвае, што і развітыя краіны становяцца ахвярамі экстрэмальных прыродных з'яў, адзначаюць аўтары даследавання.

Germanwatch выдае штогадовы Індэкс глабальных кліматычных рызык з 2006 года на аснове базы даных стыхійных бедстваў перастрахоўшчыка Munich Re, а таксама сацыяльна-эканамічных даных Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: