Экс-лідара баснійскіх сербаў Караджыча прысудзілі да пажыццёвага зняволення

Міжнародны рэшткавы механізм для крымінальных трыбуналаў у Гаазе прысудзіў былога лідара баснійскіх сербаў Радавана Караджыча да пажыццёвага зняволення, паведамляе сербскі тэлерадыёканал РТС.

POOL

«Апеляцыйная палата згодная з трыбуналам, што прысуд — 40 гадоў турэмнага зняволення — не з'яўляецца адэкватным з улікам цяжару крымінальных злачынстваў, учыненых Караджычам, як і прысуд, прапанаваны судовай палатай — ён (прысуд) прызнаны неабгрунтаваным і неправамоцным. Судовая палата зрабіла памылку, калі вынесла прысуд на 40 гадоў турэмнага зняволення», — адзначае РТС.

Гэта канчатковы вердыкт, які не падлягае абскарджанню.

Раней Караджыч, прызнаны вінаватым у генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці, быў прысуджаны да 40 гадоў турмы, аднак вырашыў абскардзіць гэтае рашэнне.

Радаван Караджыч быў затрыманы ў ліпені 2008 года ў Бялградзе. Судовы працэс над экс-лідарам баснійскіх сербаў стартаваў у кастрычніку 2009 года.

У сакавіку 2016 года Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі вынес прысуд Караджычу, у адпаведнасці з якім ён быў асуджаны на 40 гадоў турэмнага зняволення па абвінавачванні «ў генацыдзе ў Срэбраніцы і злачынствах супраць чалавечнасці ў Босніі і Герцагавіне ў перыяд 1992-1995 гг.»

Караджыч, кажучы пра гэты прысуд, заявіў, што «нішто з таго, што ставілася ў рамках гэтай справы, не з'яўляецца праўдай». Ён падаў апеляцыю на гэтае рашэнне.

Яго адвакаты ў красавіку 2018 года на пасяджэнні Міжнароднага рэшткавага механізму для крымінальных трыбуналаў, заснаванага для выканання функцый Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі (МТБЮ), на якім пачаўся працэс разгляду апеляцыі Караджыча, заклікалі скасаваць прысуд і ініцыяваць новы працэс.

Бок абвінавачвання таксама застаўся незадаволены вынікам судовага працэсу і запатрабаваў узмацніць жорсткасць меры пакарання — з 40 гадоў да пажыццёвага тэрміну.

Радаван Караджыч нарадзіўся ў 1945 годзе. Скончыў медыцынскі факультэт Сараеўскага ўніверсітэту па спецыяльнасці псіхіятр. У канцы 1980-х ён заснаваў Сербскую дэмакратычную партыю.

У 1992 Караджыч стаў першым прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай, гэты пост ён займаў да 1996 года. Падчас грамадзянскай вайны на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны ён з'яўляўся палітычным лідарам баснійскіх сербаў.

Паводле interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: