Экс-прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі год правядзе ў турме

Суд у Парыжы прызнаў былога прэзідэнта Францыі вінаватым у карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам і асудзіў 66-гадовага палітыка на тры гады пазбаўлення волі, два гады з гэтага тэрміну — умоўна, паведамляе агенцтва AFP з Палаца юстыцыі.
Суд палічыў даказаным абвінавачанне ў адрас былога кіраўніка французскай дзяржавы ў карупцыі, спробе подкупу суддзі і выкарыстанні службовага становішча. У Сарказі, які па-ранейшаму з'яўляецца ўплывовым кансерватыўным палітыкам, ёсць дзесяць дзён, каб аспрэчыць рашэнне суда.

Былы адвакат Сарказі Цьеры Эрзог і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Жыльбер Азібер, якія таксама праходзілі абвінавачанымі па гэтай справе, прызнаныя вінаватымі ў разгалошванні прафесійнай таямніцы і асуджаныя на такія ж тэрміны, як і Сарказі.


Абвінавачанні ў адрас Нікаля Сарказі

Судовы працэс супраць Сарказі, які пачаўся ў канцы лістапада 2020 года, звязаны з падазрэннямі ў тым, што палітык, ужо займаючы пасаду прэзідэнта, спрабаваў паўплываць на ход расследавання справы пра ахвяраванні Бетанкур.

Паводле следства, у 2014 годзе ён прапанаваў пракурору пры Касацыйным судзе Жыльберу Азіберу павышэнне і прызначэнне ў Манака ў абмен на інфармацыю аб ходзе расследавання. Сам Сарказі адхіляе ўсе абвінавачанні, заяўляючы, што ён стаў ахвярай ілжывых заяў.

Раней Сарказі таксама падазравалі ў тым, што ён прымаў незаконныя ахвяраванні ад суўладальніцы касметычнай кампаніі «L'Oreal», мільярдэршы Ліліян Бетанкур, і выкарыстаў гэтыя грошы для фінансавання сваёй выбарчай кампаніі ў 2007 годзе. У 2013 годзе ён быў апраўданы па гэтым абвінавачанні, але яго тэлефонныя перамовы з адвакатам, перахопленыя органамі юстыцыі ў рамках расследавання іншай справы, дазволілі следству атрымаць новыя доказы ў дачыненні да яго.

Прэзідэнт Францыі ў 2007-2012 гадах

Нікаля Сарказі займаў пасаду прэзідэнта Францыі з 2007 па 2012 гады. У гісторыі Пятай рэспублікі, якая вядзецца з 1958 года, гэта ўжо другі выпадак, калі былы кіраўнік дзяржавы атрымаў абвінаваўчы прысуд па справе аб карупцыі.

У 2011 годзе экс-прэзідэнт Францыі Жак Шырак быў асуджаны на два гады зняволення ўмоўна паводле абвінавачання ў перавышэнні паўнамоцтваў і растраце сродкаў з грамадскіх фондаў. Аднак ён не з'явіўся ні на адно пасяджэнне суда з-за праблем са здароўем. У 2019 годзе Шырак памёр ва ўзросце 86 гадоў.

Чакаецца, што ў сакавіку 2021 года Сарказі і 13 яго паплечнікаў таксама паўстануць перад судом у сувязі з абвінавачаннямі ў незаконным фінансаванні прэзідэнцкай кампаніі 2012 года.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: