Эксперт: Курс Зяленскага не нашмат будзе адрознівацца ад курса Парашэнкі

Галоўны рэдактар выдання «Дзелавая сталіца» Віталь Піровіч распавядае, якімі, на яго думку, мусяць быць першыя крокі Уладзіміра Зяленскага ў якасці прэзідэнта.

Фота: Vadim Ghirda / AP

Фота: Vadim Ghirda / AP


— Якім чынам прыход Зяленскага да ўлады адаб'ецца на жыцці простых украінцаў?

— На сёння ёсць розныя палітычныя рухі кшталту за роспуск парламента ці за абмежаванні Зяленскага ў пэўных паўнамоцтвах. Ёсць планы Цімашэнка па стварэнні канцэлераўскай рэспублікі, дзе прэзідэнт адыгрывае менш значную ролю. Усё гэта палітычныя гульні і манеўры. Да жыцця украінцаў, калі мы бярэм сацыяльна-эканамічны аспект, яны наўрад ці будуць мець дачыненне.

Мне падаецца, што курс Зяленскага не нашмат будзе адрознівацца ад курса Парашэнкі, як бы Зяленскі не пазіцыянаваў сябе як «новага палітыка». На самой справе, усё будзе захоўвацца ў той жа канве. Я амаль упэўнены, што першы візіт новага прэзідэнта будзе ў зону АТА, другі візіт — у Брусэль.

Далей будуць нейкія рытуальныя крокі ў дачыненні да царквы, але тут складаней. Хутчэй за ўсё, Зяленскі правядзе сустрэчу з Усеўкраінскім Саветам Цэркваў, каб паказаць, што ў нас роўныя канфесіі, а ўсё, што ў нас робіцца па законе, хай робіцца па законе. Яго не цікавяць стогны Маскоўскага патрыярхату, роўна як і жаданне пэўнай увагі з боку дзяржавы ў ПЦУ, у ГКЦ і гэтак далей. Ад яго проста патыхае секулярызмам, яму гэтыя пытанні не цікавыя. Таму правільным крокам была бы сустрэча з Усеўкраінскім Саветам Цэркваў, каб прадэманстраваць добрую волю. Зяленскаму таксама патрэбныя нейкія першыя яркія прызначэнні. Або ў сваёй канцылярыі назначыць нейкую ўмоўна чыстую фігуру ці назваць сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Ну, і пытанне мовы, якое многіх украінцаў турбуе. Тут яму таксама неабходна зрабіць нейкія сімвалічныя крокі, каб усіх супакоіць. Калі ўсе гэтыя крокі будуць пройдзеныя, мы зразумеем, што Зяленскі — прадаўжальнік палітыкі Пятра Парашэнкі.

— Ці атрымаецца ў Зяленскага ўвосень стварыць кааліцыю ў парламенце?

—Калі чалавек становіцца прэзідэнтам, — ва Украіне так павялося, — у яго ўжо ёсць да ста народных дэпутатаў, якія гатовыя перайсці на яго бок. Таму што прэзідэнт — гэта рэсурс. Ва ўсіх ёсць нейкія свае матывы. Многія разумеюць, што чарга будзе доўгай, і спяшаюцца апярэдзіць калегаў у парламенце, засведчыць свае вернападданасць. Можна, у прынцыпе, дабраць да большасці, працаваць з астатнімі. Кагосьці цікавяць нейкія матэрыяльныя рэчы, кагосьці крымінальныя справы… То-бок, з гэтым можна працаваць.

Несумненна, што Зяленскі з першага дня прэзідэнцтва пачне працаваць з парламентам, каб стварыць нейкую большасць: хай сітуацыйную, але хаця б пад адстаўку цяперашняга ўрада. Звольніць урад можна, але свой урад атрымаць Зяленскаму будзе складаней: трэба стварыць кааліцыю. Менавіта тут пачынаецца гандаль з мноствам фракцый. І тут асабліва важным для Зяленскага выглядае план роспуску парламента ды наступных хуткіх выбараў, каб не згубіць свой рэйтынг да восені. Мы ўжо бачылі, як было з Пятро Парашэнкам: на прэзідэнцкіх выбарах за яго было больш за 50%, праз паўгода на парламенцкіх выбарах Блок Пятра Парашэнкі набраў значна менш.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!