ЕС паставіў Лукашэнку перад выбарам: 60 млн еўра або парад з футболам

Беларусь атрымае дапамогу ЕС на падтрымку сістэмы аховы здароўя краіны ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамендацыі СААЗ.
Пра гэта паведаміў Жозеп Барэль, высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, у інтэрв'ю карэспандэнту Свабоды Рыхарду Юзвяк.

Адказваючы на ​​пытанне, ці сапраўды заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што каронавірусная пандэмія з'яўляецца «псіхозам», не паўплывае на адносіны Бруселя з Мінскам, Барэль адзначыў:

«Не далей як на мінулым тыдні я размаўляў з міністрам замежных спраў Беларусі, спадаром Макеем. І я падкрэсліў, што сумесная праца ў рамках шматбаковай сістэмы з'яўляецца найбольш эфектыўным спосабам рэагавання на каронавірусны крызіс.

І я таксама ведаю, што ўлады Беларусі ўжо цесна супрацоўнічаюць з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, але таксама ведаю, што трэба больш. Такім чынам, я заклікаю ўлады Беларусі прытрымлівацца рэкамендацый СААЗ адносна прадухілення пандэміі.

І каб дапамагчы, мы ўжо казалі аб нашай падтрымцы, і ў гэтую падтрымку ўваходзіць больш за 60 мільёнаў [еўра] для сістэмы аховы здароўя. Так што мы прыносім і прапануем дапамогу. Але з іншага боку, мы просім прытрымлівацца рэкамендацый СААЗ адносна пандэміі.

Немагчыма, каб з аднаго боку прапаноўвалася дапамога, [а з другога] не выконваліся рэкамендацыі, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім усіх выконваць.»

Нагадаем, 21 красавіка намеснік кіраўніка Еўракамісіі Жозеп Барэль паведаміў у размове з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, што Беларусі выдзелена больш за 60 млн еўра са сродкаў, вылучаных на праграмы двухбаковага супрацоўніцтва ў межах Глабальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнёрства.

Раней паведамлялася, што гэтыя грошы пойдуць на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэспіратараў, а таксама на трансгранічныя праекты.

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8-11 красавіка. Ключавыя рэкамендацыі для Беларусі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 засталіся амаль такімі ж, як раней, некаторыя былі дапоўнены:

- прыпыніць усе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартыўныя, культурныя, палітычныя (такога слова ў ранейшых рэкамендацыях не было, ёсць толькі ў расейскай, але не ангельскай версіі) і рэлігійныя;

- забяспечыць далейшую ізаляцыю і лячэнне пацыентаў з COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах каранціну тых, хто з імі кантактаваў;

- укараніць (у ангельскай версіі — «даць магчымасць для») дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучанне;

- спыніць дзейнасць усіх «другасных» (у ангельскай версіі — «неабавязковых») арганізацый, прадпрыемстваў і суб'ектаў эканомікі і інш.


Паводле belaruspartisan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: