ЕС зняў перашкоды да бязвізавага рэжыму для Украіны і Грузіі

Еўрасаюз неўзабаве дазволіць грамадзянам Украіны, Грузіі і Косава паездкі без віз, бо нарэшце вырашана пытанне аб механізме прыпынення бязвізавага рэжыму, паведамляе BBC са спасылкай на Рэйтэр.

Унутраныя спрэчкі ў ЕС заставаліся галоўнай перашкодай на шляху Кіева і Тбілісі да адмены візаў.
Перамовы з удзелам краін-членаў ЕС і Еўрапейскага парламента скончыліся напярэдадні вечарам дасягненнем пагаднення, паведамляе агенцтва без спасылкі на крыніцы. Механізм прыпынення бязвізавага рэжыму неабходны для надзвычайных сітуацый.

Савет ЕС паставіў умову, каб бязвізавы рэжым для Украіны, Грузіі і Косава пачаў дзейнічаць адначасова з гэтым механізмам. Запатрабаваць прыпынення бязвізавых адносін можа альбо адна з краін ЕС, альбо Еўракамісія.

Напярэдадні аб дасягненні дамоўленасцей заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. «Абнадзейлівыя навіны з Бруселя па выніках маіх пастаянных кантактаў з лідарамі ЕС. Кампраміс адносна механізму прыпынення безвіза знойдзены», — пісаў ён у Фэйсбуку.

Узгадненне механізму прыпынення адкрые шлях да далейшага галасавання на пленарным паседжанні Еўрапарламента па пытанні бязвізавага рэжыму для Украіны, пісала напярэдадні віцэ-спікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка.

Украіна і Грузія выканалі ўсе ўмовы для лібералізацыі візавага рэжыму з ЕС, профільны камітэт Еўрапарламента падтрымаў рэзалюцыю па Украіне ў верасні, аднак канчатковае рашэнне адкладалася з-за нявырашанасці гэтага пытання.

Парашэнка яшчэ ў жніўні заяўляў, што ЕС вырашыць пытанне аб бязвізавых паездках праз «лічаныя тыдні». Пазней прэзідэнт Украіны прагназаваў, што яго краіна атрымае бязвізавы рэжым з краінамі Еўрасаюза да канца лістапада, але пытанне з механізмам прыпынення зацягвала працэс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: