EUobserver: Еўразвяз можа пашырыць санкцыі на бізнесоўцаў, звязаных з Лукашэнкам

Інтэрнэт-выданне EUobserver паведаміла са спасылкай на неназваную крыніцу ў кіраўніцтве Еўразвязу, што ЕЗ можа пашырыць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва таксама і на бізнесоўцаў, якія «ўзбагацілі беларускага лідара», піша Свабода.
Помнік заснавальніку Dana Holdings Срэтэну Карычу ў Мінску

Помнік заснавальніку Dana Holdings Срэтэну Карычу ў Мінску



Як піша EUobserver, Аляксандар Лукашэнка мае сямейныя сувязі як мінімум з дзвюма кіпрскімі фірмамі: да дзвюх тамтэйшых кампаніяў па працы з нерухомасцю — Eastleigh Trading і Dana Holdings — мае дачыненне нявестка Лукашэнкі Лілія, жонка ягонага старэйшага сына Віктара. EUobserver звяртае на гэта ўвагу ў сувязі з тым, што 12 кастрычніка краіны Еўразвязу, уключна з Кіпрам, прынялі рашэнне замарозіць фінансавыя актывы кіраўніка Беларусі, калі яны будуць знойдзеныя.

Лілію Лукашэнка прызначыў дырэктарам Eastleigh Trading Вячаслаў Дудкін, былы кіраўнік аддзелу па барацьбе з карупцыяй МУС Беларусі, які ўцёк з краіны і ў 2012 годзе даў інтэр'вію журналісту Паўлу Шарамету для расійскага выдання «Коммерсантъ».

Паводле Дудкіна, фірма «выкарыстоўвалася ў махлярскіх схемах». А ўладальнік Eastleigh Trading, беларускі алігарх Уладзімір Пефціеў быў унесены ў санкцыйны спіс Еўразвязу ў 2011 годзе як «ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі».

Eastleigh Trading працягвала працаваць і ў 2019 годзе. Заяўлены від дзейнасці — «холдынгавая кампанія, пакупка, рэканструкцыя і прадстаўленне нерухомасці ў Беларусі». Паводле аўдыту, яе акцыі належалі «выключна нерэзідэнтам Кіпра».

Лілія Лукашэнка цяпер кіруе мастацкай галерэяй у гандлёвым цэнтры групы Dana Holdings у Мінску, якую ўзначальваюць два браты-сэрбы: Боян і Нэбойша Карычы. Яны працягваюць бялградскую бізнес-дынастыю Карычаў, з якой Аляксандар Лукашэнка сябруе шмат гадоў. Лілія Лукашэнка таксама была названая ў фінансавай справаздачнасці ў 2017 годзе ў ліку «старэйшых службовых асобаў» даччынай кампаніі Dana Holdings — Dana Astra.

Dana Holdings атрымлівала кантракты на будаўніцтва высотных элітных жыллёвых комплексаў у Мінску. Нэбойша Карыч у 2019 быў асноўным акцыянерам кіпрскага аддзялення фірмы.

Прэсавы прадстаўнік Dana Holdings з піяр-фірмы EM, якая месціцца ў Лондане, заявіў у каментарыі для EUobserver, што фірма не мае ніякіх незаконных прывілеяў ад Аляксандра Лукашэнкі. «Гэтае сцверджанне катэгарычна непраўдзівае. Dana Holdings... здабыла дазволы на будаўніцтва праз адкрыты, канкурэнтны працэс, у поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам».

Прадстаўнік Dana Holdings таксама сказаў, што Лілія Лукашэнка была простым дызайнерам і не вярнулася на працу ў Dana Astra пасля таго, як тры гады таму сышла ў дэкрэтны адпачынак.

EUobserver адзначае, што Кіпр робіць больш інвестыцый у Беларусь, чым любая іншая краіна Еўразвязу. Прынамсі 19 грамадзян Беларусі, у тым ліку бізнесоўцы і іх сем’і, купілі кіпрскія пашпарты з 2017 па 2019 год, піша выданне са спасылкай на інфармацыю Al Jazeera.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: