Еўрадэпутаты заклікалі да ўвядзення «глабальнага рэжыму санкцый у галіне правоў чалавека»

Дэбаты па сітуацыі ў Беларусі прайшлі ў Еўрапарламенце ў аўторак, 1 снежня. Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі да «міжнароднага расследавання злачынстваў, учыненых беларускай дзяржавай», і ўвядзення «глабальнага рэжыму санкцый у галіне правоў чалавека».


Падчас дэбатаў быў прадстаўлены даклад арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) аб сітуацыі ў Беларусі «пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў». Таксама выступіла спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, паведамляе АФН.

Дэпутаты асудзілі «жорсткія рэпрэсіі з боку дзяржаўных уладаў і сіл бяспекі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў», падкрэсліваецца ў заяве на сайце Еўрапарламента.

Сярод грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі названыя «адвольныя масавыя арышты дэманстрантаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў, дакументальна пацверджаныя катаванні затрыманых». Як заявіў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедронь, неабходна «забяспечыць прыцягненне да адказнасці тых, хто аддаваў загады або здзяйсняў злачынствы».

Еўрадэпутаты заклікалі Еўрасаюз увесці новыя персанальныя санкцыі «супраць асобных злачынцаў у Беларусі». «Усе службовыя асобы рэжыму, адказныя за цяжкія злачынствы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — удакладняецца ў заяве па выніках дэбатаў.

26 лістапада ў Еўрапарламенце таксама прайшлі дэбаты, прысвечаныя гібелі Рамана Бандарэнкі ў Мінску. У прынятай рэзалюцыі адказнасць за гібель актывіста была ўскладзеная на ўлады Беларусі. На думку еўрадэпутатаў, варта стварыць Міжнародны цэнтр па зборы доказаў «злачынстваў рэжыму Лукашэнкі». У рэзалюцыі адзначаецца, што і сам Еўрапарламент павінен падрыхтаваць місію па зборы фактаў парушэння правоў чалавека.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: