Еўрасаюз: права на страйк з’яўляецца асноватворным, яно павінна паважацца

У Еўрасаюзе ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі і нагадваюць законнасць права на страйк, заявіў Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля.


«За заклікам да ўсеагульнага страйку і маніфэстацыямі мы вельмі ўважліва сочым. І мы хочам нагадаць, што права на страйк з’яўляецца асноватворным правам, якое павінна паважацца», — сказаў прэс-сакратар у панядзелак на брыфінгу ў Брусэлі ў адказ на просьбу пракаментаваць падзеі ў Беларусі, перадае АФН са спасылкай на Інтэрфакс.

«Мы працягваем сачыць за сітуацыяй у Беларусі, — адзначыў Стана. — Як мы неаднаразова заяўлялі, мы занепакоеныя выкарыстаннем гвалту супраць мірных маніфестантаў і наогул дзеяннямі беларускіх уладаў, якія дагэтуль не ідуць на інклюзіўны дыялог дзеля пошуку развязання крызісу ў краіне».

Адказваючы на дадатковае пытанне пра чарговы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, у якія, як чакаецца, уключаць Лукашэнку, прадстаўнік Барэля паведаміў, што па гэтых абмежавальных мерах «праца працягваецца».

«У Савеце (ЕС) абмяркоўваюць другі этап гэтых санкцый. Як толькі будзе дасягнута згода па канчатковым спісе, санкцыі будуць зацверджаныя, і пра іх будзе абвешчана», — патлумачыў Стана.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: