Еўрасаюз прыняў план барацьбы з наступствамі каронавіруснай інфекцыі

Грошы атрымаюць перш за ўсё краіны на поўдні Еўропы, якіх пандэмія закранула раней і мацней, чым іншых.
DPA/PICTURE-ALLIANCE

DPA/PICTURE-ALLIANCE

«Сумесны план Еўропы» – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita апісвае намеры Еўрапейскага Саюзу змагацца з наступствамі каранавіруснай інфекцыі. План аб’явілі надоечы канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. План прадугледжвае выдзяленне паловы трыльёна еўра на датацыі і столькі ж на пазыкі для дзяржаваў, якія мацней за ўсё пацярпелі ад заразы. Мяркуецца, што сродкі будуць атрыманы ў выглядзе пазык на сусветных фінансавых рынках пад гарантыі Еўрасаюза.

Грошы атрымаюць перш за ўсё краіны на поўдні Еўропы, якіх пандэмія закранула раней і мацней, чым іншых — Італія ды Іспанія. Пакрыць гэтыя марнаванні плануецца на працягу 20 гадоў з бюджэту Еўрасаюза, галоўным донарам якога з'яўляецца Германія.

Будзе таксама прыняты новы бюджэт Еўрапейскага Саюза, у якім аўтары возьмуць пад увагу наступствы пандэміі. У сваю чаргу Польшча зацікаўлена ў тым, каб былі захаваныя ранейшыя грашовыя сродкі, якія былі прызначаны на выроўніванне ўзроўню жыцця ў бяднейшых дзяржавах ЕС у параўнанні з багатымі. Нават калі ў нейкай краіне, як напрыклад, Польшча, абсяг COVID-19 не з’яўляецца вельмі шырокім, то і так такія дзяржавы панеслі значныя страты ў эканамічным сэнсе.

Цяпер план павінны ўхваліць усе 27 краін, якія ўваходзяць у супольнасць. Паўночныя дзяржавы скептычна да яго ставяцца. Найбольш галасоў пратэсту чуваць з такіх дзяржаў, як Нідэрланды, Швецыя і Данія. Яны гатовыя дапамагчы самым пацярпелым краінам пазыкамі, але не згаджаюцца павышаць агульную задоўжанасць Еўрасаюзу.

Паводле polskieradio.pl

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: