Еўрасаюз. Замест еўра — пустыя бутэлькі?

Кампанія па выбарах у Еўрапарламент, якія пройдуць 26 траўня, дасягнула кульмінацыі.

Не засталіся ўбаку і розныя сатырычныя партыі, якія прапануюць абсурдныя вырашэнні ўсіх праблем. Апошнім часам такія партыі перажываюць рэнесанс. 

Зрэшты, іх шанцы трапіць у Еўрапарламент усё роўна нізкія. Хіба за выключэннем нямецкай партыі, якая так і называецца — Партыя. Партыя, створаная пры сатырычным часопісе «Тitanik», існуе з 2004 года і досыць папулярная сярод бюргераў. Калі яна прарвецца ў Брусель, то сумна там адназначна не будзе. 

Прадстаўленая днямі праграма сатырыкаў змяшчае шмат цікавых пунктаў — напрыклад, увесці агульнаеўрапейскі пенсійны ўзрост у 25 гадоў. На іх думку, трэба адмовіцца ад валюты еўра на карысць такой валюты, як пустыя піўныя бутэлькі і пляшкі. Партыя выступае за тое, каб абавязаць усіх настаўнікаў і школьнікаў насіць аўтаматычную зброю. 

Нарэшце, яны прапануюць забараніць у Еўропе ўсе палітычныя партыі, што дазволіць, на іх думку, «захаваць еўрапейскую дэмакратыю».

Паводле нямецкай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!