Еўрасаюз зелянее?

Галоўным сюрпрызам мінулых выбараў у Еўрапарламент стаў трыумф эколагаў, без альянсу з якімі стварыць устойлівую адміністрацыю ЕС будзе немагчыма. Чаго чакаць ад «Зялёнай Еўропы»?

Другія на выбарах у Еўрапарламент у Германіі і ў Фінляндыі, трэція — у Францыі і Люксембургу, чацвёртыя — у Нідэрландах, Бельгіі, Ірландыі і ў Вялікабрытаніі. Такая геаграфія поспеху зялёных, якія пасля 26 траўня нарасцілі сваю фракцыю ў Бруселі аж на 10 працэнтаў — з 51 да 70 дэпутатаў. Шакаванае гэтымі вынікамі швейцарскае выданне «Le Croix» нават задумалася наконт змены сімволікі ЕС — зрабіць блакітнае поле сцяга Еўрасаюза зялёным.

Гэты поспех — дзякуючы моладзі і жыхарам буйных гарадоў. Менавіта гэтыя катэгорыі выбаршчыкаў, як лічаць эксперты, справакавалі нечаканую «зялёную хвалю». Верагодна, грамадзян матываваў галасаваць за зялёных адносна малады ўзрост іх кандыдатаў, які заклікалі глядзець у будучыню, а не жыць мінулым. Спрыяў зялёным таксама і папулярны зараз у Еўропе флэшмоб, падчас якога школьнікі заклікаюць палітыкаў пачаць нарэшце нешта рабіць супраць глабальнага пацяплення.

Эфект перамогі эколагаў узмацняе адначасовы канфуз традыцыйных партый. Пра брытанскіх кансерватараў, якія атрымалі мікраскапічныя 8 працэнтаў, увогуле казаць смешна. У ФРГ хрысціянскія дэмакраты ўтрымалі перамогу, аднак згубілі пры гэтым аж 15 працэнтаў. І тое яшчэ не самыя гучныя скандалы. Нагадаем, гэта былі першыя выбары, на якія партыю фармальна вяла Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр — будучая пераемніца Меркель. А пазіцыі нямецкіх сацыял-дэмакратаў з атрыманымі 18 працэнтамі пахіснуліся настолькі моцна, што пайшла дзяжурная серыя адставак.

З зялёнымі на мінулых выбарах здолелі канкураваць, хіба, правыя папулісты. Іх галоўныя трафеі — першыя месцы ў Францыі, Італіі, Венгрыі, Чэхіі і Польшчы. За Бугам, дарэчы, таксама здарылася сенсацыя. Атрыманыя ўрадавай партыяй «Права і Справядлівасць» (PiS) 45 працэнтаў галасоў — абсалютны рэкорд. Шырокая шматпартыйная платформа, пад дах якой сабраўся гербарый усіх апанентаў PiS, значна адстала. Як вынік — напярэдадні восеньскіх выбараў у Сейм апазіцыя выглядае разгубленай і, нібыта, не здольнай да мабілізацыі. Падаецца, што ініцыятыва пераходзіць да Роберта Бедроня — першага польскага мэра, адкрытага гомасексуала, — чыя створаная ўзімку леваліберальная партыя адхапіла 6 працэнтаў.

Нягледзячы на пералічаныя вышэй поспехі правых папулістаў, іх сумарны вынік цяжка назваць перамогай. Шматлікія фракцыі еўраскептыкаў у будучым парламенце павялічыліся, аднак усё ж застаюцца ў меншасці. Але і статус-кво ў Еўрапарламенце ўсё ж не захаваецца. Сацыял-дэмакратам і кансерватарам праз дэфіцыт мандатаў упершыню за час існавання інстытута давядзецца запрашаць у так званы «блок» трэцяга.

Гледзячы па некаторых сігналах, адпаведнае запрашэнне будзе накіраванае зялёным. Пра гэта ўжо намякае Манфрэд Вебер — адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка Еўракамісіі. Марцін Сельмайр — генсек Еўракамісіі, прагназуе, што зялёная тэматыка будзе часткай праграмы наступнага старшыні галоўнага органа аб’яднання.

А што самі зялёныя? Калі глядзець па прэсе, яны пакуль яшчэ цалкам не працверазелі ад нечаканага поспеху і толькі пачынаюць думаць, што ім патрабаваць у час кааліцыйных перамоваў. Увогуле, прыярытэтнымі фішкамі для зялёных у апошні час з’яўляюцца абарона клімату, сацыяльная справядлівасць і грамадзянскія свабоды. Напрыклад, зялёныя выступаюць за сур’ёзную дыскусію наконт таго, наколькі адпавядаюць стандартам еўрапейскай дэмакратыі цяперашнія папулісцкія рэжымы ў Венгрыі, Польшчы, Славакіі і іншых краінах.

Аднак, чуючы першыя каментары спікераў зялёных, коштам за ўваход у кааліцыю, хутчэй за ўсё, будзе пакет рэформаў у абарону клімату. І тут адразу ўзнікае пытанне: ці гатовыя старыя партыі пачуць зялёных, якія вымагаюць рашучых крокаў у гэтай галіне? Увогуле, паводле парыжскіх дамоваў 2015 года, 28 краін Еўрасаюза павінны скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 40 працэнтаў.

Аднак у колах эколагаў такія лічбы лічаць недастатковымі і заклікаюць да больш жорсткіх захадаў. Напрыклад, нямецкія «Зялёныя» патрабуюць да 2030 года цалкам забараніць аўтамабілі, якія працуюць на дызельных і газавых рухавіках. Натуральна, гэта не падабаецца акулам аўтабізнесу, інтарэсы якіх лабіруюць тыя ж кансерватары. І гэта толькі адно са шматлікіх спрэчных пытанняў. Напрыклад, незразумела, ці знойдуць аматары «рэалпалітык» кампраміс з эколагамі наконт «Паўночнага патоку–2»?

Таксама незразумела, наколькі эколагі будуць прынцыповыя падчас будучых кансультацый. У свой час яны паддаваліся ціску істэблішменту, напрыклад, падтрымаўшы бамбардзіроўкі Югаславіі. Некаторыя з зялёных ужо занялі бескампрамісныя пазіцыі. Філіп Ламбер, ветэран бельгійскіх зялёных, увогуле сфармуляваў папярэднюю ўмову для ўдзелу ў перамовах наконт блоку. Ён заклікае аднапартыйцаў сабатаваць міжпартыйныя размовы, пакуль Еўракамісія не зробіць канкрэтныя крокі ў абарону правоў грамадзян Венгрыі.

Некаторыя крытыкуюць такі жорсткі падыход, аднак у прынцыпе ўсе пагаджаюцца: калі зялёныя не будуць паслядоўнымі і не дамогуцца рэальных пераменаў, рэйтынгі яны не ўтрымаць. Відавочна, што партыі, якія прайгралі апошнія выбары, пачнуць надаваць тэме клімату больш увагі. Адначасова за малады электарат гатовыя змагацца з эколагамі тыя ж «партыі піратаў» або сатырычныя партыі. Напрыклад, у Германіі на апошніх выбарах нечакана шмат галасоў (2,5 працэнта) атрымала партыя сатырыкаў, якая выступае з самымі абсурднымі патрабаваннямі: накшталт дыпламатычнага прызнання Аўстра-Венгрыі і стварэння нямецкай атамнай бомбы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!