Еўропа пачала адзначаць 100-годдзе заканчэння Першай сусветнай

Каля сцен Страсбургскага сабора пачаўся "тур памяці" прэзідэнта Французскай Рэспублікі, прымеркаваны да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.
Эмануэль Макрон і прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у суправаджэнні сваіх жонак наведалі канцэрт твораў Дэбюсі і Бетховена, які сімвалізуе прымірэнне дзвюх дзяржаў пасля той страшнай вайны. За тыдзень Эмануэль Макрон мае намер наведаць 11 дэпартаментаў на поўначы і ўсходзе краіны, дзе разгортваліся найбуйнейшыя бітвы Першай сусветнай. Завершыцца яго "тур памяці" павінен у Парыжы на ўрачыстай цырымоніі на плошчы Згоды, куды запрошаны вядучыя сусветныя лідары.


У Лондане — у гонар заканчэння Першай сусветнай вайны — тысячы паходняў асвятлілі роў Таўэра ўвечары ў нядзелю. Кожны вечар да 11 лістапада, з 17.00 да 21.00 гадзіны па мясцовым часе, усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у гэтым "акце калектыўнай памяці", каб ушанаваць тых, хто загінуў за Вялікабрытанію 100 гадоў таму.

У Рыме заканчэнне Першай сусветнай адзначылі цырымоніяй ля Алтара Айчыны, дзе знаходзіцца магіла Невядомага Салдата. Вянок да яе — у гонар загінулых 650 000 вайскоўцаў і амаль 600 000 грамадзянскіх асоб, усклаў прэзідэнт Сэрджыа Матарэла.


Завяршыла святкаванне эскадрылля ВПС Італіі Frecce Tricolori (што перакладаецца як «Трохкаляровыя Стрэлы»), дзевяць самалётаў якой прачарцілі ў небе колеры італьянскага сцяга.



Паводле euronews.com

Фота скрыны з відэа



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!