Facebook робіць два «вялікія крокі» для барацьбы з умяшаннем у выбары

Сацыяльная сетка Facebook уводзіць новыя інструменты для барацьбы з умяшаннем у выбары ў свеце, заявіў заснавальнік кампаніі Марк Цукерберг, піша «Радыё Свабода».
Марк Цукерберг

Марк Цукерберг



Ён адзначыў, што пасля выяўлення ўмяшання Расіі ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе Facebook увёў новыя інструменты абароны, якія дапамаглі выдаліць дзясяткі тысяч фэйкавых акаўнтаў. Цяпер кампанія мае намер зрабіць яшчэ два «вялікія крокі».

«З гэтага часу кожны рэкламадаўца, які хоча размяшчаць палітычныя аб’явы, павінен быць верыфікаваны. Для гэтага рэкламадаўцы павінны пацвердзіць сваю асобу і месцазнаходжанне. Любому рэкламадаўцу, які не пройдзе верыфікацыю, забароняць размяшчаць палітычныя абʼявы. Мы таксама пазначым іх і рэкламадаўцы вымушаныя будуць паказаць, хто аплаціў абʼявы. Мы ўводзім гэта ў ЗША і распаўсюдзім на ўвесь свет у наступныя месяцы», — напісаў Цукерберг.

Ён дадаў, што для «большай празрыстасці палітычных абʼяваў» Facebook стварае інструмент, які дазваляе бачыць усю рэкламу, размешчаную на старонцы. Зараз сервіс тэстуецца ў Канадзе. Цукерберг чакае, што глабальна яго пачнуць выкарыстоўваць летам. Заснавальнік сацыяльнай сеткі адзначыў, што таксама ствараецца архіў для пошуку старых палітычных абʼяваў.

Цукерберг заявіў, што другое навіна — верыфікацыя мадэратараў вялікіх старонак.

«Гэта ўскладніць мадэрацыю старонак з дапамогай фэйкавых акаўнтаў або распаўсюджвання такім чынам дэзінфармацыі або супярэчлівага кантэнту», — лічыць кіраўнік кампаніі.

Ён заявіў, што Facebook возьме на працу тысячы людзей для падтрымкі новаўвядзенняў.

«Гэтыя крокі самі па сабе не спыняць усіх людзей, якія спрабуюць гуляць з сістэмай. Аднак ім будзе значна цяжэй зрабіць тое, што зрабілі расійцы падчас выбараў у 2016 годзе, і выкарыстоўваць фэйкавыя акаўнты і старонкі для распаўсюджвання рэкламы », — адзначыў Цукерберг.

У студзені 2017 выведслужбы ЗША выступілі з сумеснай заявай пра тое, што расійская ўлада праводзіла маштабную дзейнасць, спрабуючы паўплываць на ход прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году.

Пры гэтым расследаванне, куратарам якога з'яўляецца спецпрокурор Роберт Мюлер, адносна магчымага ўмяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары і таемнай змовы паміж кампаніяй Дональда Трампа і Масквой пакуль не ўстанавіла, ці паўплывалі дзеянні Масквы на вынік выбараў.

Прэзідэнт Трамп адмаўляе змову і называе расследаванне «паляваннем на ведзьмаў». Расія таксама адмаўляе ўмяшанне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: