Facebook шукае супрацоўнікаў па працы з Беларуссю. Сярод патрабаванняў — валоданне беларускай мовай

Facebook шукае супрацоўнікаў па працы з Беларуссю, а менавіта "спецыяліста па рынкавых аперацыях у Беларусі". Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале актывіст Антон Матолька.



У вакансіі, размешчанай на сайце кампаніі, пазначана, што супрацоўнік павінен свабодна валодаць пісьмовай і гутарковай беларускай мовай, а таксама падтрымліваць пастаянную сувязь з мясцовай супольнасцю ў Беларусі і ведаць у дэталях беларускую культуру і агульнапрынятыя практыкі.

Сутнасць работы заключаецца ў тым, каб адаптаваць сацсетку пад мясцовыя асаблівасці.

"Вы будзеце працаваць з камандай беларускага рынку, каб правяраць кантэнт, пра які паступаюць паведамленні, на прадмет патэнцыйных злоўжыванняў, вырашаць праблемы з уліковымі запісамі карыстальнікаў, паляпшаць агульную падтрымку для гэтага рынку, а таксама вырашаць тэматычныя глабальныя праблемы", — гаворыцца ў вакансіі.

Гэта праца на поўную стаўку, офіс размешчаны ў Дубліне, Ірландыя.

На дадзены момант у сацсеткі ў Беларусі няма паўнавартаснай службы падтрымкі. І хоць сацсетка навучылася перакладаць пасты на беларускую, якасць перакладу ўсё яшчэ пакідае жадаць лепшага.

У 2019 годзе iSANS і Reform.by запусцілі кампанію па лакалізацыі рэкамендацыйных сэрвісаў навін для Беларусі.


Паводле 42.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: