ФБР прадухіліла тэракт на Каляды ў Сан-Францыска

Ураджэнец Каліфорніі, як мяркуецца, знаходзіўся ў кантакце з «Ісламскай дзяржавай» і захоўваў дома запас боепрыпасаў і кампаненты выбуховай прылады. Іх ён, магчыма, планаваў выкарыстоўваць для нападу на пірсе ў Сан-Францыска.

Месца меркаванай атакі — пірс 39 у Сан-Францыска

Федэральнае бюро расследаванняў ЗША (ФБР) прадухіліла тэракт, які планаваўся на Каляды ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія). Як паведамілі ў пятніцу, 22 снежня, супрацоўнікі органа ўнутранай выведкі Злучаных Штатаў, яны арыштавалі 26-гадовага Эверыта Аарона Джэймсана, які раней служыў у Корпусе марской пяхоты ЗША.

Яму прад'яўленыя абвінавачванні ў спробе аказаць матэрыяльную падтрымку замежнай тэрарыстычнай арганізацыі. Паводле дадзеных следства, мужчына — родам з Мадэста (штат Каліфорнія) і меў права на кіраванне буксіровачнага грузавога аўтамабіля.

У якасці месца нападу ён абраў пірс 39 — гандлёва-забаўляльны цэнтр на прыстані ў Сан-Францыска, дзе заўсёды вельмі людна, шмат рэстаранаў, бараў і сувенірных крамаў.

Рыхтаваўся ўзяць на сябе ролю смяротніка

Агенту ФБР, які працаваў пад прыкрыццём, Джэймсан распавёў пра тое, што знаходзіўся ў кантакце з кіруючымі коламі "Ісламскай дзяржавы" і падчас каляднага нападу рыхтаваўся ўзяць на сябе ролю смяротніка. Пазней следчыя выявілі ў яго дома пасланне з тлумачэннем яго матываў, боепрыпасы, матэрыялы для вырабу выбуховага прыстасавання, а таксама аўтаматычную вінтоўку.

У пятніцу падчас слуханняў у судзе ўсе абвінавачванні ў свой адрас падазраваны адпрэчыў і выступіў са сцвярджэннем, што ён ужо адмовіўся ад сваіх планаў.

Нагадаем, раней, 31 кастрычніка, тэракт быў здзейснены ў Нью-Ёрку. Аўтамабіль заехаў у натоўп на Ніжнім Манхэтэне, у парку Гудзон-Рывер — у адным з упадабаных месцаў адпачынку мясцовых жыхароў. Тады загінулі восем чалавек, яшчэ 12 былі параненыя. Абвінавачаны па гэтай справе — выхадзец з Узбекістана Сайфула Саіпаў.

Паводле www.dw.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!