Філіпіны. Геі ідуць у партызаны?

З незвычайнай заявай выступіў Радрыга Дутэртэ, прэзідэнт Філіпінаў.

Дональд Трамп і Радрыга Дутэртэ. Фота AP

Паводле яго словаў, 40 працэнтаў чальцоў Новай народнай партыі (NPA) — вайсковага аддзялення мясцовай Кампартыі, — з’яўляюцца асобамі з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Калі гэта так, то трэба прызнаць, што гомасексуалісты — някепскія вайскоўцы. Партызанка NPA трывае з 1969 года, а пад яе кантролем цяпер знаходзіцца каля 800 муніцыпалітэтаў.

З іншага боку, нельга выключаць, што Дутэртэ, якога за папулізм называюць «ціхаакіянскім Трампам», папросту спрабуе ўзняць свой рэйтынг за кошт гамафобнай рыторыкі. Неяк, пасварыўшыся з Касцёлам, ён казаў, што 90 працэнтаў усіх ксяндзоў таксама геі.

Не вераць прэзідэнцкім разлікам і самі паўстанцы. Паводле словаў камандзіраў, прадстаўнікам ЛГБТ у прынцыпе дазволена ваяваць у шэрагах NPA, аднак кожны сябра групоўкі павінен думаць не пра інтым, а пра тое, як рэалізаваць у Філіпінах пастулаты марксізму-ленінізму.

Паводле амерыканскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!