Financial Times: Рэха Беларусі ў расійскіх пратэстах у падтрымку Навальнага

«Выпадковаму назіральніку на Пушкінскай плошчы ў Маскве ў суботу можна было б дараваць, калі б ён пераблытаў гэтыя падзеі з тымі, што скалынаюць суседнюю Беларусь на працягу апошніх пяці месяцаў», — піша Financial Times.


«Мітынг, які сабраў прыкладна 40 тысяч чалавек у Маскве і тысячы іншых яшчэ ў 110 гарадах краіны не проста меў прысмак Мінска — раптоўны ўсплёск антыўрадавых настрояў усяго ў некалькіх хвілінах хады ад Крамля паставіў Расію ў такое ж цяжкае становішча, што і Лукашэнку», — пішуць аглядальнікі Financial Times Макс Седан і Генры Фой.

«Калі пратэсты ў Беларусі ўзмацніліся, Лукашэнка папрасіў у Расіі сілы для падаўлення беспарадкаў: “Калі Беларусь падзе, наступнай будзе Расія»… Але пасля таго, як арышт актывіста апазіцыі Аляксея Навальнага справакаваў суботнія пратэсты — найбуйнейшыя антыпуцінскія мітынгі за апошнія гады — жорсткія меры з боку самога Крамля рызыкуюць няправільна ацаніць грамадскія настроі і легітымізаваць нацыянальны рух супраць яго шмат у чым гэтак жа, як гэта зрабілі дзеянні Лукашэнкі, паказваюць аналітыкі».

«(...) Суботнія акцыі пратэсту таксама сталі першымі пры кіраванні Пуціна, калі расійцы змагаліся, каб прарвацца праз барыкады, вызваліць затрыманых з-пад варты або кідалі снежкі, каб адагнаць паліцыю, што, па сцвярджэннях дзяржаўных СМІ, прывяло да раненняў каля 40 супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — адзначаецца ў артыкуле.

«Раней ніхто не думаў, што такое можа адбыцца, зусім як у Беларусі, — заўважае Андрэй Калеснікаў, старшы навуковы супрацоўнік Маскоўскага цэнтра Карнегі. — Але рост пратэстнай актыўнасці паказвае, што велізарная колькасць людзей незадаволеныя ўрадам... Людзі выходзяць не столькі за Навальнага, колькі таму, што яны стаміліся ад карупцыі і дрэннага кіравання».

«(...) Па словах Аляксея Захарава, які кіраваў валанцёрамі групы маніторынгу пры правядзенні 359 інтэрв’ю ў Маскве, 42% прысутных на мітынгу ніколі раней не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, пры гэтым амаль палову з іх складалі жанчыны», — паведамляецца ў публікацыі.

«Адзін аспект, агульны [з Беларуссю] заключаецца ў тым, што, як вы бачыце, на вуліцы выходзяць маладыя людзі, і гэта дае прыліў энергіі і энтузіязму, — кажа Філіп Уорман, кіраўнік дырэктар GPW, фірмы, якая займаецца палітычнымі рызыкамі. — Гэтым маладым людзям ужо ўсё роўна, і гэта павольна падрывае калектыўную нацыянальную гатоўнасць да статусу-кво, настальгіі і стабільнасці».

«Хаўруснікі Навальнага спадзяюцца, што публічная дэманстрацыя падтрымкі пераканае Крэмль вызваліць яго. У 2013 годзе Навальнага прысудзілі да пяці з паловай гадоў па абвінавачванні ў махлярстве, але імправізаваны мітынг з удзелам да 7 тысяч чалавек ля Крамля заахвоціў вышэйстаячы суд на наступны дзень прыпыніць выкананне прысуду», — нагадвае газета, дадаючы, што «(...) гэтым разам Крэмль, аднак, падобна, поўны большай рашучасці ліквідаваць Навальнага з палітычнага гульнявога поля»: дзяржтэлебачанне заявіла, што пратэстоўцы здзейснілі «зверствы» супраць паліцыі і паведаміла, што яны выкарыстоўвалі «тэхналогіі Майдана», распрацаваныя амерыканскай выведкай падчас пратэстаў у былых савецкіх рэспубліках.

«Гэта паўтарае сцвярджэнні Лукашэнкі, які абвінаваціў замежныя дзяржавы ў выкарыстанні беларускіх пратэстоўцаў у якасці “гарматнага мяса” супраць яго рэжыму. “На прыкладзе апрабаваных тэхналогій у Беларусі і Кіргізіі нельга выключаць магчымага аналагічнага разгойдвання сітуацыі ў нашай краіне”, — заявіў у чацвер перад пратэстамі першы намеснік кіраўніка міністра ўнутраных спраў Расіі Аляксандр Гаравы», — піша выданне.

«Аднак Калеснікаў мяркуе, што памылка Крамля заключалася ў тым, што ён “недаацаніў узровень падтрымкі Навальнага”. “Калі людзі ўбачылі, што адбываецца з Навальным у прамым эфіры па тэлебачанні, а затым фільм [пра палац] , гэта дало ім магутны эмацыйны імпульс выйсці на вуліцы”, — дадаў ён».

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: