Financial Times: У Беларусі Крэмль заганяе сябе ў тую ж пастку, што і ва Украіне

Беларускія пратэсты не антырасійскія, але агрэсіўнае ўмяшанне Масквы можа зрабіць іх такімі.


Тыдні пратэстаў з-за сфабрыкаваных выбараў у Беларусі паставілі Уладзіміра Пуціна ў цяжкае становішча. Ці варта яму падтрымаць Аляксандра Лукашэнку — агіднага аўтакрата, які страціў давер большай часткі насельніцтва сваёй краіны, але дагэтуль можа трымаць Мінск на арбіце Масквы? Або лепш падтрымаць змену ўлады і атрымаць больш легітымнага лідара, які, улічваючы культуру і гісторыю Беларусі, усё роўна будзе лаяльны да Расіі?

Усё паказвае на тое, што расійскі прэзідэнт абраў першы варыянт. Гэта небяспечна для Еўропы і не мудра з боку самога Пуціна, піша Financial Times.

Пратэсты ў Беларусі адрозніваюцца ад празаходняй рэвалюцыі ва Украіне, якая адбылася шэсць гадоў таму. Пасля яе Расія акупавала Крым. Украінцы паўсталі супраць прарасійскага прэзідэнта Віктара Януковіча, які сумленна перамог на выбарах, але ўзурпаваў уладу. Аднак, штуршком для рэвалюцыі стала адмову Януковіча падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, якое многія ўкраінцы лічылі сур’ёзным крокам да збліжэння з Захадам. Удзельнікі пратэстаў абгортваліся сцягамі ЕС.

Беларусы выходзяць на вуліцы каб пазбавіцца ад «апошняга дыктатара ў Еўропе». Яны носяць бел-чырвона-белыя сцягі Беларускай Рэспублікі 1918 года. Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская запэўнівае, што пратэсты не накіраваныя за ці супраць Расіі ці ЕС. Гэта «дэмакратычная рэвалюцыя». Выданне піша, што у адрозненне ад Украіны, дзе «заходняя частка гістарычна добразычлівая да Захаду, а ўсходняя — да Расіі», большасць беларусаў расійцаў разглядаюць як сяброў. Лідары ЕС асудзілі Лукашэнку за фальсіфікацыю выбараў, але не прадэманстравалі жаданне шукаць геапалітычную выгаду ад сітуацыі.

Пуцін спрабаваў трымаць дыстанцыю пасля беларускіх выбараў. Але па-сутнасці цяпер ён устаў на бок Лукашэнкі. 27 жніўня ён стварыў рэзерв сіл паліцыі, якія будуць адпраўленыя ў Беларусь, калі «сітуацыя выйдзе з-пад кантролю». Потым ён прапанаваў Лукашэнка 1,5 мільярдаў долараў пазыкі. Гэта не шмат, але хопіць, каб «падкарміць» эканоміку Мінска. З’явіліся таксама размовы аб канстытуцыйнай рэформе, якая тэарэтычна можа прывесці да правядзення новых выбараў. Але лідар Расіі паабяцаў «дапамогу ў сферы бяспекі» і правядзенне сумесных ваенных вучэнняў.

Падчас чатырохгадзінных перамоваў Пуцін, без сумневу, спагнаў высокі кошт з Лукашэнкі. Эксперты, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі, дапускаюць, што гаворка можа ісці аб стварэнні так званай «Саюзнай дзяржавы», пабудова якой ўжо даўно затрымалася на месцы. Ці ж аб перадачы пад расійскі кантроль яшчэ большай часткі беларускіх дзяржаўных спраў.

Пуцін таксама лічыць, што яго краіне патрэбна вялікая буферная зона з Захадам. І Беларусь, як і Украіна, нібыта да яе адносяцца. Ён мог адчуць, што змены ў Мінску занадта рызыкоўныя. Ліквідацыю састарэлага аўтакрата ў краіне, гэтак блізкай да Расіі, створыць неадназначную карцінку.


Аднак, яго падыход можа вылезці бокам. Калі шырокамаштабнае падаўленне пратэстаў з боку Лукашэнкі прывядзе да яшчэ большых узрушэнняў, Пуцін будзе вымушаны адправіць свой паліцэйскі «рэзерв» на дапамогу. Калі ён гэтага не зробіць, то выставіць сябе слабым у рэгіёне. Але такі крок таксама падстаўляе Расію пад яшчэ большую колькасць санкцый і далейшае пагаршэнне стасункаў з Захадам.

Нават больш мяккія сцэнары будуць контрпрадуктыўнымі. Уварванне Масквы ва Украіну ў 2014 годзе ўзмацніла пачуццё ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці і антырасійскія настроі, як нішто іншае за папярэднія 25 гадоў. Беларусы патрабуюць права рабіць выбар ва ўнутранай палітыцы, а не разрыву з Расіяй. Калі яны адчуюць, што Пуцін заганяе іх у пастку аўтарытарызму, гэта ўсё зменіць. Пратэсты ў Беларусі, якія былі зусім не пра заходнюю ці усходнюю арыентацыю краіны, набудуць менавіта такі характар.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: