Фінляндыя: модны удар па гендэрных нормах

Найбуйнейшы супермаркет Фінляндыі Stockman зрабіў "гендэрна-нейтральны аддзел".

Супермаркет ужо адзначыўся сваёй прыхільнасцю да гендэрнай нейтральнасці, змяніўшы назву на "Stockwomann" у Міжнародны жаночы дзень. Зараз кіраўніцтва вырашыла зрабіць крок далей. Гендэрна-нейтральны паверх фізічна будзе знаходзіцца між аддзеламі з мужчынскім і жаночым адзеннем, на "палутарным паверсе". Прадавацца ў ім будуць такія вядомыя брэнды як Acne Studios, Calvin Klein і Marimekko, якія, у сваю чаргу, ужо ўключылі стыль "унісэкс" у сваю калекцыю.

Stockmann таксама зрабіў цэлую назву для сваёй канцэпцыі: "One Way" (адзін шлях). Як тлумачаць маркетолагі кампаніі, "у стылі ёсць толькі адзін шлях — твой уласны. Stockmann збіраецца паставіць пад пытанне старамодныя нормы і абмежаванні, калі гаворка ідзе аб адзенні".



“Безумоўна, гэта маніфестацыя роўнасці. І брэнды, якія стаяць за тое, ува што яны вераць, будуць фарміраваць будучыню", — кажа крэатыўны дырэктар Лаўра Паіккары.

Ці паўтораць гэты крок іншыя буйныя брэнды? Навазеландскі партал BusinessDay прыводзіць словы сябра ЛГБТ-арганізацыі Rainbow Youth: "Шмат хто з маладых навазеландцаў — трансгендэраў альбо бязгендэрных людзей — будзе рады крамам рознічнага гандлю, у якіх яны маглі б закупіцца адзеннем у бяспечным акружэнні". Многія сябры Rainbow Youth, па ягоных словах, купляюць адзенне у інтэрнэце альбо карыстаюцца агульным гардэробам арганізацыі, "з-за стыгматызацыі тых, хто выглядае як жанчына але заходзіць у мужчынскія крамы (альбо наадварот) для пакупкі адзення. Гэта можа быць небяспечным".

Бізнес-эксперты, аднак пакуль не праяўляюць вялікага энтузіазму з гэтай нагоды. Як кажа Бодо Лэнг, галоўны лектар па маркетынгу ўніверсітэта Окланда, хаця гэта і смелае рашэнне, гендэрна-нейтральны паверх у супермаркеце можа быць занадта далёкім крокам для пакупнікоў у Новай Зеландіі.

Вынясенне праблемаў ЛГБТ-людзей на заканадаўчы ўзровень робіцца ў апошні час адным з галоўных пунктаў палітычнай павесткі краін Захаду. Так, у ЗША наведванне туалетаў трансгендэрамі вызначаецца на ўзроўні прэзідэнта, а ў Германіі не так даўно афіцыйна дазволілі "трэці пол" — да гэтага аналагічнае рашэнне прынялі Аўстрыя, Аўстралія, Новая Зеландыя, Партугалія, Канада і ЗША.

Услед за заканадаўчымі зменамі ідуць маркетынгавыя. Так, у адным з дадаткаў да новай кампутарнай гульні Sims 4 прыбірае палавыя адрозненні, а ў 2017 годзе фірма John Lewis прыбрала гендэрную маркіроўку з дзіцячага адзення. 
 

Даведка: Стокман (Stockmann) - фінская кампанія па рознічым гандлі. Заснаваная ў 1862 годзе. Мае 8 супермаркетаў і 425 бутікоў ў 17 краінах свету.

Паводле https://www.stockmann.com/ і сусветных СМІ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-09-12 20:58:13
Усім кухвайкі, кортавыя штаны і кірзавыя боты. Вось тады і будзе татальны ўнісэкс. І мне здаецца недзе такое ўжо было ...

Больш цікавага на «Новым Часе»: