Фінляндыя падазрае, што Расія перашкаджала працы GPS падчас вучэнняў NATO

Службы паветранай навігацыі Фінляндыі ў аўторак выпусцілі папярэджанне ў сувязі са збоямі GPS на поўначы краіны. А ў канцы кастрычніка  аналагічнае папярэджанне выпусціла Нарвегія, паведамляе «Радыё Свабода».
Падчас вучэнняў NATO Trident Juncture у Нарвежскім моры. 25 кастрычніка 2018

Падчас вучэнняў NATO Trident Juncture у Нарвежскім моры. 25 кастрычніка 2018

Падчас нядаўніх вучэнняў NATO ў Паўночнай Еўропе ў навігацыйнай сістэме GPS Фінляндыі адбыліся збоі, якія насілі наўмысны характар, і адказнасць за гэта, магчыма, ляжыць на Расіі, заявіў прэм’ер-міністар Фінляндыі Юха Сіпіля, паведамляе фінская дзяржаўная тэлерадыёкампанія Yle.

Службы паветранай навігацыі Фінляндыі ў аўторак выпусцілі папярэджанне ў сувязі са збоямі GPS на поўначы краіны. У канцы кастрычніка, калі вучэнні NATO Trident Juncture пачаліся, Нарвегія выпусціла аналагічнае папярэджанне пра страту сігналаў GPS для пілотаў у сваёй паветранай прасторы.

«Магчыма, Расія была тым бокам, які ствараў перашкоды», — заявіў Юха Сіпіля.

«Мы павінны зыходзіць з тых жа пазіцый, як і ў выпадку з парушэннем паветранай прасторы. Калі падобнае фіксуецца, то на сітуацыю рэагуюць паводле пратаколу. Гэта не жарты. Пад пагрозай апынулася паветраная бяспека звычайных людзей», — сказаў прэм’ер.

Фінляндыя не ўваходзіць у NATO, але брала ўдзел у вучэннях Trident Juncture, якія завяршыліся ў сераду і сталі найбуйнейшымі вучэннямі заходняга вайсковага альянсу за апошнія дзесяцігоддзі. У вучэннях ля межаў Расіі, на тэрыторыі, якая прасціраецца ад Балтыйскага мора да Ісландыі, удзельнічалі вайскоўцы з 31 краіны.

Фінляндыя мае агульную мяжу з Расіяй працягласцю 1340 кіламетраў і складаную гісторыю стасункаў са сваёй суседкай. Апошнім часам Фінляндыя наладжвае больш шчыльныя сувязі з NATO, але ўстрымліваецца ад ўступлення ў блок у адпаведнасці з традыцыяй, якая прадугледжвае адыход ад канфрантацыі з Расіяй.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!