Fiume або смерць!

Нягледзячы на шчыльнасць цяперашняй міжнароднай палітычнай павесткі, проста нельга прайсці міма сотай гадавіны Impresa di Fiume — вар’яцкай спробы футурыстаў стварыць сваю дзяржаву.

Фота www.arcipelagoadriatico.it


«Фазан красив, ума ни унции. Фиуме спьяну взял д’Анунцио», — такой вершаванай імправізацыяй адрэагаваў Уладзімір Маякоўскі ў верасні 1919-га на дзіўныя навіны з Адрыятыкі. Там яго калега, паэт-футурыст Габрыэль д’Анунцыа са сваім атрадам захапіў горад Фіуме, прыналежнасць якога пасля Першай сусветнай вайны аспрэчвалі шэраг дзяржаваў.

Пакуль дыпламаты сварыліся, уладу ў горадзе нечакана для ўсіх захапіла дзіўная кампанія футурыстаў, нацыяналістаў, анархістаў, якіх сам паэт называў «жменькай містычных творцаў, закліканых пасеяць у свеце насенне новай сілы, што прарасце ўсходамі адчайных мэтаў». Фіуме, паводле Д’Анунцыа, павінен быў стаць «цудоўнай выспай у моры сумнай камерцыі». Адсюль і лозунг «легіянераў» (так называла сябе новая ўлада): «Фіуме або смерць!»

Рэалізоўваць апісаную вышэй праграму д’Анунцыа і кампанія пачалі адразу пасля захопу ўлады. Жыццё ў Фіуме ператварылася ў шэраг бясконцых святаў і карнавалаў з наркотыкамі і алкаголем, якія паступалі ў горад па лініі «Чырвонага крыжа». Кожны трэці дзень у атмасферы свабоднай любові праходзіў парад кветак, удзельнікі якога чамусьці абіралі адзенне супрацьлеглага полу.

Перманентны характар святаў на самай справе меў канцэптуальны характар. Футурысты лічылі, што асновай старога буржуазнага грамадства з’яўляецца пасіўнае сузіранне, а не актыўны лад жыцця. Праз удзел у рознага кшталту маршах, танцах і карнавалах планавалася змяніць прыроду чалавека.

З часам была прынятая канстытуцыя Рэспублікі Фіуме, што патрабавала ад кожнага грамадзяніна займацца музыкай, якая, у сваю чаргу, абвяшчалася фундаментальным прынцыпам новай дзяржавы. Адначасова канстытуцыя забараняла ў Фіуме любы гвалт і гарантавала поўную свабоду. Найбольш цяжкім пакараннем было выгнанне за межы рэспублікі. Каб не ўжываць гвалт, быў прыдуманы такі прыём, як прымус праціўніка выпіць вялікую колькасць касторавага алею — вельмі эфектыўнага слабіцельнага. Фізічныя наступствы ўжывання алею прыніжалі асобу.

Пры ўсіх прыколах фіумская канстытуцыя з’яўлялася першай спробай стварыць карпаратыўную мадэль дзяржавы. Кожны, у залежнасці ад роду заняткаў, павінен быў быць сябрам адной з дзесяці карпарацый, дэпутаты якіх складалі адну з заканадаўчых палатаў.

А вось абкатаць тую грамадскую мадэль комплексна не паспелі. Бліжэй да пачатку зімы футурысты змарнавалі ўсю гарадскую казну на святы і маршы. У горадзе панаваў хаос і бытавая злачыннасць. Давялося нават загадаць усім бацькам адправіць сваіх дзяцей з гораду.

У такой крытычнай сітуацыі д’Анунцыа аддаў загад перайсці да пірацтва. Былі створаныя невялікія мабільныя марскія пірацкія атрады, што захоплівалі караблі, якія праходзілі міма. Таксама паўстаў дасюль не вядомы ў гісторыі від авіяцыйнага пірацтва. Фіумскія карсары рабілі рэйды ўглыб Італіі, дзе рабавалі багатых землеўладальнікаў. Пірацтва, як ні дзіўна, дапамагло стабілізаваць прадуктовую сітуацыю. У верасні 1920-га Рэспубліка Фіуме нават адсвяткавала сваю гадавіну.

Зрэшты, гэты карнавал не мог працягвацца вечна. У тым ліку таму, што Фіуме стала сапраўдным прытонам для ўсіх радыкалаў рэгіёну, якія марылі пра экспансію Рэспублікі Фіуме. «Апошні акт драмы Фіуме павінен прагучаць у Рыме», — казаў адзін з яе лідараў. Пад канец 1920 года вядучыя дзяржавы Еўропы нарэшце дасягнулі кампрамісу наконт будучыні Фіуме, які павінен быў стаць вольным горадам. Хутка тут з’явіліся італьянскія войскі і настойліва, пад раскаты артылерыйскай кананады, папрасілі кампанію футурыстаў пакінуць стратэгічна важны населены пункт. Рэвалюцыянеры пагадзіліся на эвакуацыю. На гэтым эксперымент скончыўся.

Спадчына Фіуме вельмі спрэчная. Некаторыя бачаць у ёй суцэльную псіхадэліку і рамантычны лад адчайных паэтаў-піратаў. Іншыя — інкубатар фашызму. Стыль італьянскіх фашыстаў Мусаліні пазычыў у Фіуме: масавыя шэсці ў чорных кашулях, прывітанне старажытным рымскім салютам — паднятай рукой, дыялог з натоўпам, рытуалы і сцэнічныя трукі. З іншага боку, нельга забываць, што спачатку камуністы, у тым ліку Ленін і Грамшы, віталі выхадку футурыстаў. Шмат анархістаў і камуністаў, якія ўдзельнічалі ў фіумскім эксперыменце, ужо праз пару гадоў змагаліся з Мусаліні.

Спадчына Фіуме мае і яшчэ адзін акцэнт. Пасля вайны ўсе італьянскія рэзідэнты гораду былі прымусова выгнаныя югаславамі на гістарычную радзіму, а сам Фіуме атрымаў назву Рыека. Нашчадкі тых італьянцаў, а таксама італьянскія правыя разглядаюць учынкі д’Анунцыа выключна як гераічную старонку барацьбы за Італію ў яе этнічных межах. Гэта вельмі непакоіць Харватыю, якой належыць Рыека. Урад Харватыі 13 верасня нават выказаў пратэст супраць адкрыцця помніку д’Анунцыа ў італьянскім Трыесце, бо, відавочна, пабачыў у гэтым праслаўленне фіумскай авантуры паэта.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!