Французскія рэжысёры пачынаюць галадоўку ў падтрымку Сянцова

Французскія рэжысёры пачынаюць галадоўку каля амбасады Расіі ў падтрымку Сянцова, паведамляе Радыё Свабода.
Вядомыя арт-хаўсныя рэжысёры Францыі абвясцілі ланцуговую галадоўку ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які адбывае 20-гадовы тэрмін зняволення ў Расіі. Як паведамляе RFI, кінематаграфісты паставілі намёт перад будынкам расійскай амбасады ў Парыжы, і ў гэтым намёце яны будуць начаваць па чарзе.

Сярод тых, хто далучыўся да акцыі, лаўрэат берлінскага кінафестывалю і сустаршыня французскага Таварыства рэжысёраў Крыстоф Ружыа і ўладальнік прэміі Ceasar Эмануэль Фінкель. Яны хочуць прыцягнуць увагу французскага ўраду ды іншых еўрапейскіх урадаў да галадоўкі Сянцова.

У Таварыстве кінематаграфістаў заявілі, што будуць трымаць галадоўку па чарзе да таго часу, пакуль Сянцова не выпусцяць на волю. Плануецца, што кожны з рэжысёраў па чарзе будзе праводзіць у намёце перад расійскай амбасадай 24 гадзіны без ежы.

​На мінулым тыдні Сянцова намінавалі на прэмію Сахарава, якую штогод ўручае Еўрапейскі парламент. Імя лаўрэата маюць абвясціць у канцы кастрычніка.

Сянцоў асуджаны ў Расіі на 20 гадоў па абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анексаваным Крыме. Сваёй віны ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясціў галадоўку з патрабаваннем вызваліць з расійскіх турмаў усіх украінскіх палітвязняў.

Прэмія Сахарава за свабоду думкі заснаваная ў 1988 годзе і ўручаецца людзям, якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Прэмія носіць імя савецкага навукоўца і праваабаронцы Андрэя Сахарава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!