Французская камуна

50 гадоў таму ў Францыі пачалася студэнцкая рэвалюцыя. Адна з самых цікавых тэмаў юбілейных дэбатаў сярод гісторыкаў: што было б, калі б студэнты захапілі ўладу?

Фота www.universe-tss.su

Як вядома, спіраль той рэвалюцыі пачала раскручвацца на глебе абсалютна кур’ёзнай праблемы — узімку 1968-га студэнты патрабавалі дазволу наведваць у інтэрнатах студэнтак-сябровак. Прэса каментавала тыя падзеі іранічна, аднак ужо да сакавіка ўсім было не да жартаў. 22 сакавіка студэнтамі — сябрамі леварадыкальных груповак быў захоплены дэканат сацыялагічнага факультэта ў Нантры (прыгарад Парыжу).

Акупацыя стала пралогам да новай серыі беспарадкаў. Паступова хваляванні перакінуліся ў цэнтр сталіцы, адкуль пашырыліся па ўсёй краіне. Улада аказалася не ў стане збіць пратэстную дынаміку і пашырэнне геаграфіі выступаў. Больш таго, праз нейкі час студэнтаў падтрымалі працоўныя і сярэдні клас, які быў напалоханы паліцэйскім гвалтам.

Не дзіва, што паступова ўладную вертыкаль ахапіў паралюш. Кульмінацыя прыйшлася на 29 мая, калі прэзідэнт Шарль дэ Голь раптам знік з краіны, якая з 10 мая фактычна была паралізаваная ўсеагульным страйкам. Толькі праз некалі гадзін высветлілася, што гарант знаходзіцца на французскай базе ў нямецкім Бадэн-Бадэне для кансультацый з вайскоўцамі. Тым не менш адчуванне таго, што ў краіне паўстаў вакуум улады, панавала ва ўсім грамадстве.

На думку гісторыкаў, у гэты час студэнты мелі рэальны шанец захапіць Елісейскі палац і абвясціць стварэнне новай улады. Прынамсі, такую версію прапанаваў Вінсэнт Ківі, аўтар кнігі «99 дзён Кон-Бендзіта», якая днямі з’явілася ў французскіх кнігарнях і адразу стала бестселерам.

Паводле Вінсэнта Ківі, для захопу ўлады студэнтам дастаткова было выйсці за межы ўніверсітэцкага Лацінскага кварталу, дзе знаходзілася іх база. Калі б пачаўся рух натоўпу ў бок суседняга будынку парламента, узняліся б рабочыя прыгарады. Дэмаралізаваны навіной пра ўцёкі прэзідэнта спецназ адмовіўся чыніць супраціў. Былі паралізаваныя і структуры ўраду. Справа ў тым, што сітуацыя з ад’ездам Шарля дэ Голя вельмі нагадвала сцэны часоў Французскай рэвалюцыі, калі арыстакраты масава беглі з рэвалюцыйнага Парыжу. Паралелі з часамі якабінцаў, як лічыць Вінсэнт Ківі, надалі б рэвалюцыянерам 1968-га ўсенародную легітымнасць. На бок студэнтаў магла перайсці нават частка галістаў.

Фота www.photochronograph.ru

Аўтар кнігі «99 дзён Кон-Бендзіта» лічыць, што, захапіўшы ўрадавы квартал, студэнты мелі шанец стварыць сваю адміністрацыю. У такім разе Францыю чакаў бы сапраўды беспрэцэдэнтны рэвалюцыйны эксперымент. Як прызнаюцца сёння самі актывісты руху 1968-га, хутчэй за ўсё, ад іх трэба было чакаць нейкага дэкрэту аб пераходзе ўсіх прадпрыемстваў пад кантроль працоўных калектываў. Самі прадпрыемствы маглі перайсці ў рукі супрацоўнікаў. Саветы маглі паўстаць таксама ў казармах і ва ўсіх навучальных установах. Такім чынам, у краіне была б абвешчаная новая мадэль улады — наўпроставая дэмакратыя.

Думалі студэнты і пра тое, як падзяліць партфелі. Напрыклад, малады 16-гадовы трацкіст Рамэйн Гупіл, які з часам стаў вядомым кінематаграфістам, у 1968-м бачыў сябе будучым дырэктарам МУС і, дарэчы, сапраўды меў сімпатызантаў сярод маладых паліцэйскіх. Увогуле, маладыя трацкісты найбольш сур’ёзна за іншых леварадыкалаў рыхтаваліся да захопу ўладных інстытутаў.

Аднак паслядоўнікі Троцкага прызнавалі — прэзідэнтам мог быць выключна харызматычны анархіст Даніэль Кон-Бендзіт, які стаў сімвалам студэнцкіх пратэстаў. Тое, што ў 23-гадовага Кон-Бендзіта быў нямецкі пашпарт, нікога асабліва не хвалявала. Лічылася, што стабілізаваць новы рэжым можна за кошт запрашэння ў склад ураду тагачасных лідараў сацыялістаў — Франсуа Мітэрана і П’ера Мендэса-Франса.

Адразу паўстае пытанне, як доўга мог утрымацца падобны рэжым? Справа не толькі ў тым, што Шарль дэ Голь і французскі вайсковы корпус у ФРГ наўрад ці пагадзіліся б прызнаваць рэвалюцыйны Парыж. Галоўны лагер контррэвалюцыі ўяўлялі не вайскоўцы або галісты. Ролю Вандэі ў 1968-м выконвала Кампартыя, апарат якой быў цудоўна ўпісаны ў рэаліі Пятай рэспублікі. У дадатак камуністы кантралявалі прафсаюзы, якія гатовыя былі абмежавацца ростам заробкаў. «Нашы мары пра захоп улады наўрад ці былі магчымыя без падтрымкі камуністаў — вядучай левай сілы, якая ўпарта не жадала рабіць рэвалюцыю», — прызнаецца на старонках кнігі актывіст Ален Ліпіец.

Камуністаў нельга было схіліць да супрацоўніцтва ў тым ліку праз пазіцыю Крамля — куратара французскіх камуністаў. Брэжнеў памятаў тэкст тэлеграмы, якую Кон-Бендзіт і яго прыхільнікі даслалі ў Маскву ўвесну 1968-га: «Апошняга буржуя мы павесім на гальштуку апошняга бюракрата!» Была яшчэ адна праблема. Сам Даніэль Кон-Бендзіт наўрад ці быў тады гатовы да палітычнай кар’еры. Трацкісты і сацыялісты для яго былі сумнымі палітыканамі.

З іншага боку, магчыма, менавіта няздольнасць студэнтаў захапіць уладу і выратавала студэнцкую рэвалюцыю. Шарль дэ Голь пасля вяртання з Германіі стабілізаваў сітуацыю, марганалізаваў пратэстны рух, аднак міф пра 1968-ы год захаваўся і паступова змяніў свет. Нельга нічога дадаць да слоў расійскага журналіста Улада Тупікіна: «Не будзем хітраваць — ніхто з нас цалкам не разумее 1968-ы, затое ўсе мы жывем у яго наступствах. Усё, што навокал нас, — грамадская, культурная і палітычная рэальнасць, нормы сексуальных паводзінаў, масавыя стэрэатыпы, рэлігійныя вераванні, уяўленні пра поспех у жыцці — падпалі пад татальную рэвізію ў канцы 1960-х гадоў, татальны злому і татальную перабудову нанова».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2018-04-12 15:04:44
https://www.youtube.com/watch?v=n0pOS7WZEJo
  • фцф
  • 2018-04-12 20:30:44
Апошняя французкая рэвалюцыя - рэвалюцыя дзяцей - і не магла адбыцца. Францыя вычарпала свой ліміт на рэвалюцыі яшчэ ў 19 ст. Такога шчасьця ім ужо хапіла. Трэ даць іншым пагуляцца ў "зрынацеляў" несправядлівага сьвету.