Францыя. Найлепшая эміграцыя ў гісторыі

На фоне трывожных чутак пра тое, што з Азіі і Афрыкі ў кірунку Еўропы рухаецца новая хваля эмігрантаў, у Францыі ўзгадалі адзін цікавы юбілей.

Фота visaapp.ru

Сто гадоў таму, увосень 1919-га, польскі і французскі ўрад падпісалі дамову, паводле якой палякі маглі прыехаць і працаваць у Францыі. Такім чынам Францыя намагалася кампенсаваць страты працоўных кадраў у часы Першай сусветнай вайны.

Аднак маштабы эміграцыі палякаў аказаліся беспрэцэдэнтнымі. Толькі да 1930 года іх колькасць вырасла з 40 тысяч да паўмільёна. Не спыніла міграцыйны паток і прапаганда французскіх правых, якія намагаліся зрабіць мігрантаў адказнымі за беспрацоўе.

Палякі вельмі хутка інтэграваліся ў соцыум, чым выклікалі незадаволенасць польскіх нацыяналістаў. Тыя марылі, што мігранты захаваюць ідэнтычнасць, і ў перспектыве вернуцца на радзіму. Таксама іх непакоіла тэндэнцыя, калі палякі, звычайна пралетарыі, траплялі пад уплыў камуністаў. Вынікам стала фарміраванне сярод палякаў-мігрантаў сталага камуністычнага асяродку.

Пасля вайны частка эмігрантаў вярнулася ў сацыялістычную Польшчу і была прызначаная на самыя высокія пасады. Факт, што польскія мігранты з часам цалкам ператварыліся ў звычайных французаў, сапраўды дазваляе назваць тую міграцыю ідэальнай.

Паводле французскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!