Францыя: прывід Шарля дэ Голя вяртаецца?

На прэзідэнцкіх выбарах 2022 года 20 працэнтаў французаў гатовыя прагаласаваць за генерала П’ера дэ Вілье.

 П’ер дэ Вілье

 П’ер дэ Вілье


Французскі палітыкум застыў на нізкім старце. Хутка пачнецца прэзідэнцкая кампанія 2022 года. У прынцыпе, у спісе кандыдатаў шмат знаёмых асоб. Натуральна, Эмануэль Макрон паспрабуе паўтарыць свой поспех. Няма сумневаў, што аспрэчыць яго амбіцыі будзе намагацца ўпартая Марын Ле Пэн. Як мінімум, паспрабуе прарвацца ў фінальны тур кандыдат левых Жан-Люк Меланшон. Аднак ёсць і «цёмныя кабылкі», не заангажаваныя ў традыцыйныя партыі. Самага перспектыўнага незалежнага кандыдата завуць генерал П’ер дэ Вілье.

Увогуле, цяжка згадаць, калі ў гісторыі Пятай рэспублікі вайсковец такога высокага рангу (калі, натуральна, не лічыць Шарля дэ Голя) спрабаваў стаць гаспадаром Елісейскага палаца — рэзідэнцыі прэзідэнта Францыі. Цяжка нават сказаць, ці ведалі яшчэ ўчора простыя французы пра генерала і яго жыццёвы шлях.

Хаця біяграфія ў героя цікавая. Пачаць можна з таго, што ён належыць да арыстакратычнага роду. Шляхецкі патэнт яго прашчуру ў далёкім 1595 годзе асабіста выдаў славуты кароль Генрых Чацвёрты.

Пачынаў П’ер дэ Вілье сваю кар’еру ў танкавых войсках і даслужыўся да кіраўніка брыгады. У 2004 годзе яго прызначылі генералам і адправілі ў Афганістан. Пазней ён кіраваў аперацыямі ў Афрыцы, Іраку і Сірыі. Наступнай кар’ернай прыступкай стала прызначэнне ў 2014 годзе на пасаду кіраўніка Мінабароны, дзе ён галоўным чынам запомніўся як лабіст ведамства. Што тычыцца прыватнага жыцця, то ў генерала аж сем дзяцей.

Пра П’ера дэ Вілье ўся краіна па-сапраўднаму даведалася дзякуючы яго не вельмі паліткарэктнай фразе: «Я не дазволю, каб мяне так трахалі». Яе генерал эмацыйна сказаў у ліпені 2017-га на пасяджэнні парламенцкага камітэта абароны, які разглядаў праект скарачэння вайсковага бюджэту на 850 мільёнаў еўра. Эмацыйны каментар генерала прагучаў падчас закрытага пасяджэння, але адбылася ўцечка інфармацыі ў прэсу. Хутка стала вядома таксама пра асабістую кулуарную пікіроўку паміж П’ерам дэ Вілье і французскім гарантам, якая працягнулася ў Facebook.

У выніку ўсё скончылася адстаўкай. Пры гэтым пераможцам у двубоі паміж прэзідэнтам і генералам аказаўся апошні. П’ер дэ Вілье пакінуў Міністэрства ўзброеных сіл пад апладысменты цывільных асоб і салдат, якія зладзілі яму ганаровую варту. Шмат хто лічыў скандалам, што прэзідэнт публічна павучае кіраўніка штаба Узброеных сіл, які проста выконваў свой абавязак.

На пенсіі генерал не сумаваў ад бяздзейнасці. П’ер дэ Вілье напісаў аж тры кнігі, якія выклікалі інтарэс. Нарэшце, у лістападзе 2020 года Le Figaro паведамляла пра чуткі наконт магчымай балаціроўкі генерала на прэзідэнцкіх выбарах. У снежні вайсковец быццам схіліўся да таго, каб застацца на будучых выбарах простым назіральнікам. Аднак прэса ўпарта лічыць яго ўдзельнікам прэзідэнцкага марафону. А нейкі жвавы журналіст ужо напісаў фантастычны раман пра тое, як генерал перамагае на выбарах насуперак інтрыгам буйнога фінансавага капіталу, які робіць стаўку на Макрона.

Якіх поглядаў прытрымліваецца генерал? У палітычнай сістэме каардынат ён агучвае хутчэй пастулаты галізму — суверэнітэт Францыі, адзіная Еўропа, моцны парадак. Так, ён выказваецца за стварэнне еўрапейскай арміі, дэпартацыю радыкальных імамаў і аднаўленне памежнага кантролю на нацыянальных межах.

Не дзіўна, што генерал імпануе электарату сталага веку: 35% яго прыхільнікаў — французы, старэйшыя за 65 гадоў. Сярод тых, хто маладзейшы за 35 гадоў, толькі 16 працэнтаў гатовыя аддаць голас за П’ера дэ Вілье.

Аднак сацыёлагі кажуць, што ў яго нядрэнны патэнцыял. Вобраз генерала арміі, увасабленне ўлады і адказнасці — досыць прывабны сярод выбаршчыкаў. На фоне пандэміі і эканамічных турбулентнасцей запыт на моцную руку ў Францыі вельмі прыкметна вырас. У сацыялагічных апытаннях наконт таго, ці патрэбны Францыі моцны лідар, пазітыўна выказваюцца 82 працэнты рэспандэнтаў. Амаль дзевяць з дзесяці (88%) дадаюць, што «аўтарытэт — гэта каштоўнасць, якую сёння занадта часта няправільна крытыкуюць».
Дадатковыя галасы генералу можа прынесці і яго беспартыйнасць.

Дарэчы, генералу сімпатызуе «правая» прэса, якая традыцыйна негалосна агітавала за постгалісцкую партыю «Рэспубліканцы». «Французы хочуць, каб прэзідэнт рэспублікі валодаў трыма якасцямі: шчырасцю, аўтарытэтам і патрыятызмам. У П’ера ёсць усе тры. Бываюць выпадкі, калі сітуацыя патрабуе салдата», — адзначае адзін з каментатараў Figaro.

Між тым, падаецца, што шмат для каго з французаў галісцкая рыторыка П’ера дэ Вілье выглядае дастаткова памяркоўнай. Апытанні на мінулым тыдні засведчылі рост папулярнасці публіцыста Эрыка Зімура, якога могуць падтрымаць аж 13 працэнтаў выбаршчыкаў. На фоне Зімура наш генерал — проста нейкі батанік. Зімур, які называе сябе галістам-банапартыстам, выступае за высылку ўсіх мігрантаў на гістарычную радзіму, ставіцца да гомасексуалаў як да ахвяр чумы, крытыкуе жанчын-дэпутатаў, паколькі яны ўсе, маўляў, атрымалі свой мандат праз ложак.

Прэзідэнцкая кампанія ў Францыі, гледзячы па ўсім, будзе даволі незвычайнай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: