Брытанцы могуць сканфіскаваць маёмасць расійскіх алігархаў на мільярды фунтаў

Мільярдэры набываюць шыкоўную нерухомасць у Лондане: да гэтага часу працэс вітаўся. Пасля замаху ў Солсберы ўсё можа змяніцца.

Дом у Лондане, дзе знаходзяцца апартаменты Шувалава


«Whitehall Court ў цэнтры Лондана — шыкоўны асабняк віктарыянскай эпохі, размешчаны ўсяго ў некалькіх хвілінах хады ад Трафальгарскай плошчы і Даўнінг-стрыт. У падобным на замак жылым комплексе з выглядам на Тэмзу ў свой час жыў Бернард Шоў. Сёння двое ёмістых апартаментаў на верхніх паверхах Whitehall Court належаць аднаму з вядучых расійскіх палітыкаў — намесніку старшыні ўрада РФ Ігару Шувалаву», —піша Маркус Тойрэр у Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Кошт абодвух апартаментаў ацэньваецца ў 11,5 млн фунтаў. «Але адкуль у палітыка грошы на гэтак дарагое (...) лонданскае жыллё?» — да гэтага часу гэтае пытанне бянтэжыла толькі арганізацыю Transparency International (міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй — НЧ), гаворыцца ў артыкуле. «Аднак ужо хутка Шувалаў і іншыя багатыя замежнікі ў Лондане павінны будуць адказваць на пытанні брытанскіх уладаў»,—- заўважае аўтар.

«З моманту замаху ў Солсберы, які адбыўся 10 дзён таму, у адносінах паміж Масквой і Лонданам пануе новы ледніковы перыяд. Брытанскі ўрад, — нагадвае аўтар публікацыі — абвінавачвае Маскву ў атручванні былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі пры дапамозе хімічнай зброі «Навічок». (...) Тэрэза Мэй прагне адплаты — уласнасць вядучых расійскіх палітыкаў у Лондане, якая выклікае пытанні, можа стаць жаданай мішэнню».

«Па волі выпадку брытанскія заканадаўцы надзялілі следчых новай зброяй незадоўга да замаху на Скрыпаля»,— адзначае выданне, маючы на ўвазе новы брытанскі закон (Unexplained Wealth Orders), паводле якога ўладальнікі дарагой нерухомасці абавязаны патлумачыць паходжанне грошай, на якія яна была набытая. «Калі аргументаванага тлумачэння прадастаўлена не будзе, брытанскія ўлады маюць права пачаць працэс канфіскацыі канкрэтнага аб'екта маёмасці».

«Уступленне ў сілу новага закона не мае дачынення да справы Скрыпаля. Прыняты ён быў у канцы мінулага года. Аднак у сувязі з атручваннем ў Солсберы Unexplained Wealth Orders можа быць выкарыстаны ў якасці адплаты. Для таго, каб прымусіць уладальнікаў раскрыць крыніцы даходу, улады карыстаюцца рашэннем высокага суда Лондана. Дзякуючы новым прававым нормам яны змогуць атрымаць інфармацыю пра паходжанне грошай хутчэй і прасцей: для гэтага ім не спатрэбіцца мець абгрунтаванае падазрэнне ў сувязі са злачыннымі махінацыямі. Дастаткова будзе таго, каб падазраваны, па-першае, фігураваў як «палітычна значная асоба» з краіны, якая не ўваходзіць у ЕС, па-другое, існавала б прычына меркаваць, што купля была зробленая не на сродкі з пастаяннага даходу».


«Гэта вельмі дзейсны інструмент у барацьбе з карупцыяй», — адзначае эксперт у галіне барацьбы з адмываннем грошай з лонданскага аддзялення Transparency International Рэйчал Дэйвіс.

«Вялікабрытанія даўно стала магнітам, што прыцягвае сумнеўныя грашовыя патокі з-за мяжы. Тры гады таму валютныя эксперты з Deutsche Bank падлічылі, што за перыяд з 2006 па 2014 год у Брытанію ўцякло больш за 90 млрд фунтаў неўзаконеных сродкаў, большая частка — з Расіі. Па дадзеных Transparency International, у Лондане каля 40 тысяч аб'ектаў нерухомасці знаходзіцца ў падпарадкаванні ананімных падстаўных кампаній з афшорных цэнтраў (...). Пра сапраўдных уладальнікаў часцяком нічога невядома», — гаворыцца ў артыкуле.

«Па Лондане ўжо папаўзлі чуткі пра тое, што пасля спробы атручвання Скрыпаля ў Брытаніі возьмуцца не толькі за палітыка Шувалава, але і за багатага бізнесмэна Рамана Абрамовіча, фінансавы стан якога (...) ацэньваецца ў 8 млрд фунтаў. Да гэтага часу багатым рускім на берагах Тэмзы было няма чаго баяцца — да іх ставіліся прыхільна як да перспектыўных інвестараў», — рэзюмуе аўтар.

Паводле inopressa.ru



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: