ФРГ можа ўключыць Беларусь у спіс бяспечных краін. Што гэта значыць?

Міністэрства ўнутраных спраў ФРГ мяркуе, што ў спіс бяспечных краін паходжання можна ўключыць яшчэ 14 дзяржаў. Гэта аблегчыць высылку ў гэтыя краіны мігрантаў, чые заявы аб прытулку ў Германіі адхіленыя.

Цэнтр размяшчэння бежанцаў у баварскім Бамберге

Цэнтр размяшчэння бежанцаў у баварскім Бамберге



Пра гэта паведаміла ў пятніцу, 19 кастрычніка, агенцтва dpa са спасылкай на копію адказу МУС ФРГ на афіцыйны запыт дэпутата бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) Лінды Тойтэберг. Мігрантаў з так званых бяспечных краін паходжання лягчэй высылаць з Германіі ў выпадку адмовы ў прадастаўленні прытулку, іх хадайніцтвы пра прытулак разглядаюць у паскораным парадку.

Урад ФРГ плануе пашырыць спіс краін гэтай катэгорыі. У ліпені было запланавана ўнесці ў пералік Туніс, Алжыр, Марока і Грузію. Цяпер яго збіраюцца папоўніць такімі краінамі, як Украіна, Беларусь, Малдова, Куба, Калумбія, В'етнам, Танзанія, Пакістан, Індыя, Кенія, Бенін, Гвінея-Бісаў, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка і Чад.

Гэта тлумачыцца тым, што доля станоўчых рашэнняў па хадайніцтвах аб прытулку ад грамадзян з гэтых дзяржаў складае ў бягучым годзе менш за пяць адсоткаў. Паводле кааліцыйнай дамовы, краіны могуць быць абвешчаныя бяспечнымі, калі доля менш за пяць адсоткаў захоўваецца на працягу шэрагу гадоў.

У той жа час у МУС ФРГ падкрэслілі, што канчатковае рашэнне залежыць ад выканання яшчэ цэлага шэрагу крытэраў, а таксама прадпісанняў Еўрасаюза і заключэння Федэральнага канстытуцыйнага суда Германіі. Ураду ФРГ спачатку трэба правесці дэталёвы аналіз сітуацыі ў гэтых дзяржавах і пацвердзіць, што ў іх адсутнічае пагроза катаванняў, бесчалавечнага абыходжання або ўзброенага канфлікту. Калі менавіта такі аналіз можа быць завершаны, пакуль незразумела, адзначылі ў міністэрстве.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць