Футбол без сцяны

Для некаторых немцаў сапраўднае аб’яднанне Германіі адбудзецца толькі на гэтым тыдні. 2 лістапада ўпершыню пасля вайны афіцыйна сустрэнуцца Herta і Union — вядучыя футбольныя клубы Заходняга і Усходняга Берліна.

Фота www.dw.com

Берлінскае наземнае метро, або S-Вahn, бадай, адзінае ў свеце, у вагонах якога дазваляецца вольна ўжываць алкаголь. Таму 40-хвіліннае падарожжа з усходняга раёну Капенік (тут базуецца Union) у заходні раён Шпандау, дзе на алімпійскім стадыёне суперніка чакае Herta, для фанатаў будзе не вельмі нудным. Тым больш, яны чакалі гэтага моманту як мінімум паўстагоддзя.

Апошні раз на афіцыйным узроўні каманды сустракаліся яшчэ да вайны — у рамках мясцовай рэгіянальнай лігі. Тон тады задавала Herta, якая таксама здолела стаць два разы чэмпіёнам Германіі. Выпадкова склалася так, што юрыдычны адрас клуба знаходзіўся ў раёне горада, што трапіў пасля 1945-га ў зону акупацыі заходніх саюзнікаў. Дзякуючы гэтай акалічнасці клуб аказаўся ў чэмпіянаце ФРГ. А вось з клубам Union, які быў прапісаны на Усходзе, адбылася амаль вар’яцкая гісторыя. Большасць яго гульцоў у 1950-м перабегла ў заходні сектар, і аб’яднанне давялося ліквідаваць. Адрадзілі яго толькі ў 1966-м па ініцыятыве прафсаюзаў.

Union быў створаны, хутчэй, як лакальны клуб для аматараў футболу Капеніке — рабочага ўсходняга прыгараду Берліну. І тут раптам адбылася падзея фатальнага кшталту. Чыноўнікі перафарматавалі структуру чэмпіянату ГДР такім чынам, што Берлін у турніры прадстаўляла толькі «Дынама» — клуб «штазі» — МУС ГДР. Заўзець за такую каманду шмат для каго з берлінцаў было ганьбай. Альтэрнатывай стала маладая каманда з Капенік, якая да таго ж дэманстравала вельмі агрэсіўны футбол, ужо ў 1968-м стаўшы ўладальнікам кубку. Хутка аматарамі Union была ледзь не ўся багема і альтэрнатыўная моладзь.

Дзякуючы незвычайнай тарсідзе і прынцыповаму супрацьстаянню з «Дынама», клуб атрымаў рэнаме антысістэмнага. На трыбунах фанаты любілі крычаць — «Лепш прайграць, чым быць свіннёй штазі». Аматарамі «жалезных» (мянушка Union) сталі цікавіцца спецслужбы. З часам пра незвычайны клуб стала вядома і на Захадзе. Прыкладна з сярэдзіны 1970-х гадоў па абодва бакі Берлінскай сцяны спантанна нарадзілася мара — прыйдзе час, калі Union і Herta выйдуць на поле разам.

Эрзацам гэтай фантазіі сталі рэгулярныя гульні фанатаў клубаў, якія адбываліся з сярэдзіны 1970-х гадоў. З таго часу паўсталі сяброўскія адносіны паміж групоўкамі. Заходнія берлінцы нават узялі на сябе абавязак заўзець за Union, калі той гуляў за мяжой ГДР. Для фанатаў з ГДР замежныя ваяжы, па зразумелых прычынах, былі дастаткова складанымі. У 1989-м агульная брыгада фанатаў абодвух клубаў прыняла ўдзел у разбурэнні Берлінскай сцяны. Нарэшце, у студзені 1990-га ў прысутнасці 50 тысяч гледачоў каманды правялі легендарны сяброўскі матч, які стаў адным з сімвалаў радыкальных пераменаў ва Усходняй Германіі.

Аднак падзенне сцяны яшчэ не значыла аднаўленне берлінскага дэрбі. Пасля ліквідацыі чэмпіянату ГДР каманды апынуліся ў розных дывізіёнах Бундэслігі. Больш за тое, Union, як і шмат усходніх клубаў, праз праблемы з грашыма час ад часу знаходзіўся на мяжы ліквідацыі. Апафеоз прыйшоўся на канец 1990-х гадоў, калі з клубнай базы праз пазыкі збеглі не толькі гульцы, аднак і трэнерскі штаб. Каманду выратавалі звычайныя тыфозі, у тым ліку і клубу Herta, якія правялі кампанію «Пяць марак для Union». Кампанія аказалася такой гучнай, што зацікавіла адну з кінастудый, якая пагадзілася стаць спонсарам. Падтрымалі клуб і зоркі. Напрыклад, арыгінальны варыянт гімну Union выканала зорка панк-сцэны Ніна Хаген.

Дзякуючы кампаніі сітуацыя стабілізавалася, і клуб з Капенік пачаў паступова рухацца ўверх з трэцяй лігі. Тым часам, прыкладна пару гадоў таму, быў заснаваны аргкамітэт святкавання 30-й гадавіны аб’яднання Германіі. Сябры камітэту меркавалі правесці на пачатку лістапада 2019-га сяброўскі матч Herta і Union, які павінен быў нагадаць сустрэчу 1990-га. Аднак нечакана для ўсіх Union у мінулым сезоне прабіўся ў вышэйшы дывізіён — і запланаваны як сяброўскі, матч стаў раптам афіцыйным. Што каласальна ўзняло інтарэс да гульні.

Больш за тое, сустрэча, падаецца, будзе цвікам юбілейных мерапрыемстваў. Святочная атмасфера вакол матчу на нейкі момант адраджае пачуцці, уласцівыя немцам у 1989-м. З таго часу шмат што змянілася. Праз 30 гадоў пасля пачатку аб’яднання раптам выявілася, што працэс моцна буксуе. Гэта яскрава давялі вынікі выбараў у зямельны парламент Турынгіі 27 кастрычніка, трыумфатарамі якіх сталі партыі «Левыя» і «Альтэрнатыва для Германіі». Абедзе палітсілы па розных прычынах адмоўна ставяцца да наступстваў падзення Берлінскай сцяны. Магчыма, берлінскае дэрбі 2 лістапада ўзмоцніць пазіцыі аматараў адзінай Германіі.

Зрэшты, нельга выключаць і адваротнага. За апошнія 30 гадоў тарсіда «жалезных» стала больш ідэнтыфікаваць сябе і з ГДР, і з Усходам. У гімне клубу ёсць нават словы накшталт: «мы ніколі не прададзімся Захаду». Наступствы аднаўлення рэгулярных сустрэчаў берлінскіх клубаў для грамадска-палітычнага жыцця краіны непрадказальныя. З іншага боку — на тое ён і футбол.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!