Gaudeamus igitur! 17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў

17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Моладзь весяліцца і не заўжды ўзгадвае пра невясёлую гісторыю ўзнікнення і сапраўдны сэнс гэтай даты. Ці памятаеце пра іх вы?
Міжнародны дзень студэнта, які ў свеце адзначаецца 17 лістапада, узнік праз падзеі ў Чэхіі. Гэтая дата не толькі стала вызначальнай для чэшскай гісторыі, але і атаесамляе студэнцкую пратэстную актыўнасць як такую.

У дзень абвяшчэння незалежнай Чэхаславакіі 28 кастрычніка 1939 года на вуліцы выйшлі студэнты, якія пратэставалі супраць нацысцкай акупацыі. Па дэманстрантах адкрылі агонь. Адзін са студэнцкіх лідараў Ян Аплятал быў сур'ёзна паранены і неўзабаве памёр. Яго пахаванне вылілася ў буйную дэманстрацыю супраць акупантаў, удзел у якой прынялі тысячы чалавек. У адказ у ноч на 17 лістапада 1939 года фашысты зачынілі чэшскія універсітэты. Дзевяць студэнтаў былі пакараныя, каля 1200 змешчаны ў канцлагер.

У памяць аб гібелі пражскіх студэнтаў у 1941 годзе ў Лондане прынялі рашэнне лічыць 17 лістапада Міжнародным днём студэнтаў.

Ян Аплятал і яго пахаванне

Ян Аплятал і яго пахаванне

1969 год. Першакурснік філасофскага факультэта Карлавага ўнівэрсытэта Ян Палах здзейсніў самаспаленне на Вацлаўскай плошчы Прагі ў знак пратэсту супраць уводу ў Чэхаславакію войскаў армій краін Варшаўскай дамовы. Пахаванне Палаха перарасло ў дэманстрацыю. За тры наступныя месяцы ў Чэхаславакіі распачалі спробы самаспалення 29 чалавек. 25 лютага на той жа Вацлаўскай плошчы ўчынак Палаха паўтарыў студэнт Ян Заіц. Яго пахавалі ў родным мястэчку Віткаў з насельніцтвам менш за шэсць тысяч. За труной Заіца ішлі восем тысяч чалавек.

1989 год. 17 лістапада прыкладна 15 тысяч студэнтаў сабраліся ў Празе ушанаваць памяць Яна Аплятала. Пасля заканчэння дазволенага ўладамі сходу студэнты не разышліся, а накіраваліся да цэнтра Прагі, каб выказаць пратэст супраць камуністычнага кіраўніцтва. Па шляху да мірнай дэманстрацыі далучаліся людзі. Аднак на Народным праспекце дарогу дэманстрантам заблакавала паліцыя і жорстка іх збіла. Былі параненыя каля 600 чалавек. Такое падаўленне мірнага пратэсту шакавала насельніцтва Чэхаславакіі.

Памятны знак дэманстрацыі 17 лістапада 1989 года

Памятны знак дэманстрацыі 17 лістапада 1989 года

Пачаліся забастоўкі і масавыя выступы, да якіх далучалася ўсё больш людзей. 21 лістапада 1989 года апазіцыю падтрымаў арцыбіскуп пражскі кардынал Францішак Томашек, а 23 лістапада на Вацлаўскай плошчы ў Празе прайшла дэманстрацыя, на якую выйшла каля 200 тысяч чалавек.

25 лістапада ў парк Летна прыйшлі больш за 800 тысяч чалавек. Дэманстрацыю ў прамым эфіры ўжо перадавала чэхаславацкае тэлебачанне. Актыўна ішлі перамовы прадстаўнікоў апазіцыі з камуністычнай уладай.

10 снежня Густаў Гусак сфармаваў першы з 1948 года некамуністычны ўрад. Кампартыя Чэхаславакіі абрала новае кіраўніцтва і заявіла аб прызнанні партыяй прынцыпаў дэмакратыі. Афіцыйна кампартыя адышла ад ідэалогіі сталінізму і распусціла партыйныя узброеныя фарміраванні. Ужо пасля Каляд, 29 снежня Парламент выбраў Вацлава Гаўла на пасаду прэзідэнта.

28 сакавіка 1990 года Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка афіцыйна спыніла сваё існаванне. Была ўтворана новая дзяржава-пераемнік, Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка. Яна праіснавала да 1992 года, калі абедзве краіны былі канчаткова падзеленыя.

У чэхаславацкі каляндар ў 2000 годзе гэтая дата, 17 лістапада, ўвайшла як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.

Паводле radio.cz, currenttime.tv

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: