Gazeta Wyborcza: Лукашэнка можа захаваць уладу ў Беларусі, згуляўшы на слабасцях Расіі

Беларускі дыктатар добра разумее сваё бядотнае становішча, але старыя хітрыкі могуць яго выратаваць.


Таго, хто ўпершыню трапіў у Беларусь праз яе ўсходнюю мяжу з Расіяй, будзе лягчэй зразумець феномен доўгага праўлення «апошняга дыктатара Еўропы».

«Калі вясной 2004 года я ўпершыню апынуўся ў Мінску, тое, што я там убачыў, моцна кантраставала з сітуацыяй за ўсходняй беларускай мяжой, у бездапаможных рэштках расійскіх калгасных вёсак. Там узровень жыцця ўпаў не да XIX стагоддзя, а нават да Сярэднявечча», — піша на старонках Gazeta Wyborcza Вацлаў Радзівіновіч.

Хто быў больш дзёрзкі, прадаваў на металалом і прапіваў рэшткі калгаснай «тэхнікі» і металічных канструкцый кароўнікаў або складоў. Працы на месцах няма ніякай. Бабкі, з-за страху страціць «апошнюю карміцельку», вялі сваіх кароў на пашы і разам з сабакамі іх гадзінамі там пільнавалі. Толькі так, трымаючы жывёлу на павадку, яны маглі абараніць яго ад злодзеяў.

У фельчарскім пункце ў запушчаным пасёлку Белы Пагорак польскі журналіст сустрэў старую жанчыну з цяжкім запаленнем лёгкіх і высокай тэмпературай. Ёй ніхто не мог дапамагчы, таму што лекаў ужо даўно не было ніякіх. Выклікаць хуткую з райцэнтра медсястра адмаўлялася. Таму што да бабкі 30 кіламетраў ніхто ехаць не будзе.

«Памятаю, што ўгаварыў сельскага галаву Белага Пагорка выклікаць хуткую. Але замест лекараў прыехалі агенты ФСБ, каб разабрацца, што там за іншаземец каламуціць ваду ў вёсцы. Яны запісалі мяне, спрабавалі садраць грошы “за паліва”. Бабку ў бальніцу ўсё роўна не павезлі, таму што «гэта не наша праца». І ўсё там уключна з агентамі хвалілі парадак у краіне “бацькі” па іншы бок мяжы», — піша польскі журналіст.

Там калгасы захаваліся, «тэхніка» спраўная, надоі — згодна з планам або і вышэй. А кожны год лепшы камбайнер атрымлівае ад прэзідэнта аўтамабіль. Лекары заўсёды прыязджаюць. Пенсія прыходзіць своечасова і наяўнымі, а не як у Екацярынбургу — у натуральным эквіваленце, а часам гноем або трунамі.

Не толькі на Смаленшчыне, але і на Паволжы, у Сібіры, на Урале расійскія вёскі і невялікія гарады маліліся на Лукашэнку. Калі б ён мог прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, перамог бы ўсіх. Уладзіміра Пуціна таксама. Нават у Польшчы ў мястэчках накшталт Нідзіцы або Кентшына, дзе пасля распаду калгасаў пасля звяржэння камунізму ў 1990-х жыццё зрабіла крок назад, Лукашэнка таксама быў даволі папулярны.

У Беларусі ж Расія пад кіраўніцтвам Барыса Ельцына, а затым і Уладзіміра Пуціна была «страшылкай»не толькі для прапаганды«бацькі». Па так званаму «сарафаннаму радыё» пра яе таксама дрэнна казалі. Людзі распавядалі аб бандыцкіх войнах на вуліцах расейскіх гарадоў, аб дзёрзкіх алігархах, якія рабавалі краіну ў гістарычных маштабах, аб карупцыі і карозіі краіны. І на Смаленшчыне, і пад Віцебскам так людзі прадстаўлялі парадкі пад уладай расійскага ўрада, называючы іх «дзермакратыяй».

Здавалася, ад такога хвацкага постсавецкага лёсу не было выратавання.

«Рэспублікі у Цэнтральнай Азіі захапілі самадзяржаўныя ханы і іх прагныя сябры. Грузію разрывалі ўнутраныя канфлікты і войны. Украіна загразла ў карупцыі, беднасці і спрэчках за тое, хто цяпер мае права рабаваць народ. Беларусаў было не цяжка пераканаць, што абараніць іх мог толькі нехта такі, як Лукашэнка, з цяжкай рукой», — гаворыцца ў артыкуле.


Ветлівая міліцыя

Аўтар успамінае, што з гэтай «рукой» ён сутыкнуўся з першага дня знаходжання ў Беларусі. Сышоўшы з цягніка раніцай, ён пайшоў у Міністэрства замежных спраў за абяцанай акрэдытацыяй. Потым ужо з ёй адправіўся ў рэдакцыю апазіцыйнай газеты «Наша Ніва». Чакаючы там беларускага знаёмага на вуліцы, польскі журналіст разглядаў газету з аб’явамі. І ў гэты момант да яго падышлі міліцыянты. Стройныя, атлетычныя, у акуратнай, зашпіленай на ўсе гузікі форме. Цвярозыя. Нічога асаблівага не дазналіся, пасля чаго ветліва развіталіся.

«Для мяне гэта была навінка. З часам я даведаўся, што цвёрдая рука “бацькі” трымае таксама міліцыю і спецслужбы. Увогуле, у Беларусі мяне затрымлівалі, абшуквалі і праслухоўвалі раз 20. Але ў адрозненне ад Расіі, ні разу не заводзілі размову аб хабары, не пагражалі расправай, зп’яну не махалі перад носам пісталетам, як гэта адбылося ў акупаваным Крыме. Ніякай самадзейнасці, усё паводле працэдуры», — гаворыцца ў артыкуле.

Рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі дзейнічаў хітра. Сілу старанна дазавалі, каб яна дакладна адпавядала ўзроўню пагрозы, які паступаў ад таго ці іншага рэпрэсаванага. Канапаваму апазіцыянеру, які зводзіў канцы з канцамі дзякуючы замежным грантам, «выпісвалі пару пінкоў» і некалькі сутак за кратамі. Але Аляксандр Казулін, які супернічаў з Лукашэнкам на прэзідэнцкіх выбарах у 2006 годзе, «заслужыў» 5,5 гадоў лагераў. А да Віктара Ганчара — баявога і здольнага палітыка і, відавочна, уяўляўшаму пагрозу — «бацька» падышоў з самым высокім узроўнем кары. Яго выкралі, без суда і следства расстралялі, а цела схавалі.

Аднак, пасля апошніх сфальсіфікаваных выбараў Лукашэнка перастаў дазаваць сілу супраць сваіх ворагаў. Расправа адбываецца фактычна са сляпой лютасцю. Дыктатар цалкам развязаў рукі сваім катам, загадаўшы ім распраўляцца з удзельнікамі пратэстаў з максімальнай жорсткасцю. Але гэта не значыць, што Лукашэнка адышоў ад старой логікі. Ён ведае, што пагроза, перад якой ён цяпер паўстаў, максімальная і для яго нават смяротная.



Дыктатар разумее, што голы

Захаванне краіны ў «спакойнай гавані» штучнага «светлага» савецкага мінулага перастала быць прывабным. Суседзі ўжо вырваліся наперад. Яны лепш разбіраюцца з грамадскімі выклікамі, такімі як пандэмія COVID-19. Лукашэнку падтрымлівае толькі найбольш кансерватыўная частка грамадства: прыкладна 20% насельніцтва. А апорай яго ўлады стала з аднаго боку сіла «брацкай» Расіі, а з другога — яе слабасць.

Лукашэнка пад ціскам пратэстаў хутка мог страціць лаяльнасць сваіх спецслужбаў, якіх ён гадамі трымаў на «кароткім ланцужку». Але 16 жніўня Пуцін падтрымаў яго, абяцаючы ў выпадку неабходнасці адправіць у Мінск сваіх забойцаў.

Беларускія сілавікі зразумелі, што, паколькі за Лукашэнкам, пад якім захісталася крэсла, стаіць Масква, ім таксама лепш захоўваць вернасць. Таму яны ўжо некалькі месяцаў з нязменнай стараннасцю забіваюць уласны народ.


Гульня Лукашэнкі з Крамлём

Расія, падтрымліваючы ўсё больш ненавіснага і крывавага дыктатара, таксама становіцца менш прывабнай у вачах «братняга» народа. Шанцы ўтрымаць Беларусь на яе арбіце памяншаюцца. У інтарэсах Крамля было б зрабіць стаўку на кагосьці з добразычлівых да яго апазіцыянераў. Жадаючых стаць фаварытам Масквы шмат. Але такі пераварот пад ціскам вуліцы супярэчыць прыродзе ўлады ў Крамлі. Яна больш за ўсё на свеце баіцца так званых «каляровых рэвалюцый». Таму выключае такія сцэнары з свайго арсенала.

Дзякуючы гэтаму ў Лукашэнкі ёсць поле для манеўру паміж сілай і слабасцю свайго «старэйшага брата». Не варта сумнявацца, што ён будзе працягваць сваю гульню.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: