«Gazeta Wyborcza» — сімвал 30-годдзя вольнай Польшчы

30 год таму, 8 мая 1989 года, у Польшчы пабачыў свет першы выпуск «Gazeta Wyborcza». Яна стала рупарам незалежнай федэрацыі профсаюзаў «Салідарнасць» і першай легальнай газетай, якая прадстаўляла апазіцыйныя ўраду погляды. 

А сёння гэта — найбольш папулярная і чытаная газета, якая рэгулярна займае першы радок у рэйтынгу найболей цытаваных польскіх СМІ, і адзін з сімвалаў 30-годдзя вольнай Польшчы. 

Першы нумар. «Няма свабоды без Салідарнасці»

Каб разумець важнасць газеты для таго часу, а таксама і сучаснасці, трэба хоць трохі ведаць гісторыю і настроі, якія луналі ў тагачаснай Польшчы. Гэта час вялікіх зменаў і надзей. Да канца 1980-х гадоў краіна з’яўлялася часткай сацыялістычнага блока. У сярэдзіне 1988 года Польшчу захліснула моцная страйкавая хваля. Неверагодна высокая інфляцыя, вялізны дзярждоўг, большасць насельніцтва адносілася да «малазабяспечаных». Усё гэта прывяло да масавых акцый грамадзянскага непадпарадкавання, страйкаў і маніфестацый, на чале якіх стаялі, як правіла, сябры «Салідарнасці», незалежнага прафесійнага саюза працоўных. Кіраўнік МУС Польшчы разумеў немагчымасць сілавога прыгнечання «Салідарнасці» ў дадзенай сітуацыі, бо рух набраў сапраўдны моц і аўтарытэт сярод насельніцтва, і ў першую чаргу — сярод рабочых.

Пратэстная хваля зрэшты вымусіла ўрад ПНР пайсці на сур'ёзныя саступкі апазіцыйнаму прафсаюзу «Салідарнасць». З 6 лютага па 5 красавіка 1989 адбыліся гістарычныя перамовы — «Круглы стол» паміж уладамі ПНР і апазіцыйным прафсаюзам «Салідарнасць» — якія прывялі да глыбокіх палітычных і эканамічных змен у краіне, дэмантажу рэжыму кіруючай партыі, пераходу Польшчы да дэмакратыі і рынкавай эканоміцы, узнікнення Трэцяй Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1989 года ў Польшчы прайшлі першыя вольныя выбары, на якіх «Салідарнасць» атрымала 99% месцаў у Сенаце.

Згодна з пастановай «Круглага стала» ўзнікла «Gazeta Wyborcza», як выданне, якое павінна было прадстаўляць «Салідарнасць» падчас перадвыбарчай кампаніі ў Сойм. Галоўным рэдактарам лідар «Салідарнасці» Лех Валенса прызначыў журналіста Адама Міхніка, аднаго з найбольш актыўных прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі 1968-1989 гадоў (дарэчы, Адам Міхнік зусім нядаўна наведаў Мінск). Першы нумар, памерам у 8 старонак, з’явіўся 8 мая 1989 года накладам 150 тыс. асобнікаў. Яго адкрывалі словы Леха Валенсы «Няма свабоды без Салідарнасці» («Nie ma wolności bez Solidarności»). Выступаючы ў якасці голаса ўсяго грамадзянскага руху, газета хутка атрымала вялікую колькасць чытачоў.

Ад улёткі да ўплывовага выдання

Негледзячы на тое, што назва выдання была прадыктавана тым, што газета меркавалася як свайго роду выбарчы бюлетэнь «Салідарнасці» да выбараў 4 чэрвеня 1989 года, кіраўніцтва газеты вырашыла захаваць назву «Gazeta Wyborcza» і пасля выбараў, бо яна за хуткі час паспела заваяваць сабе трывалыя пазіцыі на рынку. Акрамя таго, як сцвярджаюць кіраўнікі газеты, у дэмакратыі ўвесь час трэба дасягаць нейкіх выбараў.

Ад самага свайго пачатку газета выконвала палітычную, культурную і цывілізацыйную місію, якая складалася ў выхаванні ў палякаў павагі да маральных каштоўнасцяў. Такіх, напрыклад, як павага праў меншасцяў, барацьба з антысемітызмам, непрыязнасць да любых форм і праяў шавінізму. Рэдакцыя імкнулася да таго, каб быць прыкладам, узорам таго, якой павінна быць незалежная газета ў свабоднай дэмакратычнай краіне. За кароткі час «Выборча» з перадвыбарнай улёткі, над якой працавала 20 журналістаў, ператварылася ў агульнанацыянальны штодзённік з паўмільённым тыражом. Сваё першае дзесяцігодзе адзначаў ужо трохтысячны калектыў.

«Gazeta Wyborcza» сёння

Калі разглядаць яе сённяшні накірунак і палітычныя прыарытэты, то хутчэй газету можна ахарактэрызаваць, як ліберальна-дэмакратычную. У адносінах да найбольш уплывовай на сёння ў Польшчы партыі «Права і Справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość) ставіцца з пэўнай долі крытыкі, аддаючы хутчэй свае сімпатыі партыі «Грамадзянская платформа» (Platforma Obywatelska). Газета ўселяк супрацьстаіць любым праявам нацыяналістычных і антысеміцкіх настроям у польскім грамадстве і заклікае да добрых стасункаў з краінамі-суседкамі. Шмат увагі на старонках газеты надаецца і падзеям у суседніх краінах, у тым ліку — у Беларусі. Нярэдка беларуская тэматыка становіцца галоўнай і займае першыя поласы.

Газета ніколі не абмяжоўвалася асвятленнем грамадска-палітычных падзей у краіне. Яе журналісты не аднойчы праводзілі ўласныя расследаванні гучных спраў, звязаных з манапалістычнымі афёрамі, хабарамі, буйнымі карупцыйнымі скандаламі на вышэйшым узроўні. І іх пошукі нярэдка прыводзілі да выкрыцця злачынных схем. Па некаторых пытаннях публіцысты газеты выказваюць меркаванні, якія моцна адрозніваюцца ад меркаванняў ураду краіны. Напрыклад, калі ў 1993 годзе Сейм прыняў закон аб забароне абортаў, газета выступіла з крытыкай гэтага рашэння, даўшы выказацца на гэты конт прадстаўніцам феміністычнага руху. Што тычыцца эканамічных пытанняў, то рэдакцыя раўназначна дае права выступіць на сваіх старонках і тым публіцыстам, што за лібералізацыю эканомікі і абмежаванне ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць суб’ектаў гаспадаркі, так і крытыкам неаліберальнай эканамічнай палітыкі.


Сёння газета выходзіць штодзённа, як у папяровым, так і ў электронным выглядзе, мае і мабільнае прыкладанне. Сэрвіс Wyborcza.pl публікуе ўсе артыкулы, якія паралельна былі апублікаваны ў друкаванай версіі газеты і дадатках да яе. Тэматыка нумара залежыць ад дня тыдня, а таксама можа адрознівацца ў залежнасці ад лакальнага выдання газеты, у якім горадзе выходзіць. Апроч таго выдходзіць штодзённа дадатак да газеты. Тэмы самыя розныя: эканоміка, падзеі ў Польшчы і ў свеце, рэпартажы, культура, кулінарыя, здароўе, турызм, дызайнерскія парады і парады для жанчын, фельетоны, праграма тэлебачання, аб’явы. Нярэдка на старонках выступаюць замежныя эксперты і публіцысты, карэспандэнты выдання за мяжой.

Доўгі час карэспандэнтам «Gazeta Wyborcza» у Беларусі быў вядомы журналіст Андрэй Пачобут, які ў 2011 годзе ў Польшчы атрымаў за сваю журналісцкую дзейнасць узнагароду — тытул Журналіста Года. Андрэй Пачобут узгадвае свае часы супрацоўніцтва з газетай:

«У “Выборчай” я працаваў з 2006 па 2018-й, дванаццаць гадоў. Пасля маленькіх выданняў кшталту “Глоса знад Немна”, у якіх я працаваў раней, шматпавярховая рэдакцыя на вул. Чэрскай, канешне, рабіла вялікае ўражэнне. Ну, і на той момант гэта была найбуйнейшая і самая ўплывовая газета ў Польшчы. Праца там вельмі шмат мне дала ў прафесійным плане, у плане досведу. Нажаль, сёння я ўжо не працую там. Кажуць, што трэба раз на сем гадоў змяняць мейсца працы — нешта ў гэтым ёсць. У любым выпадку, гэта былі дастаткова плённыя 12 год, і ёсць што ўзгадаць».

Калектыў «Новага Часу» віншую сваіх калегаў па журналісцкаму цэху з «Gazeta Wyborcza» з юбілеем, і жадае далейшага поспеху і вострага пяра.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!