Гамлет па-казахску: жарсці сям'і Назарбаевых

Шкада, што Уільям Шэкспір не дажыў да нашага часу. Ён наўрад ці прайшоў міма жарсцяў, якія цяпер пануюць у сям’і першага прэзідэнта Казахстана.

Фота qazweek.kz

У аўтарытарных краінах, дзе пры ўладзе знахо­дзяцца сямейныя кланы, толькі прафан не ведае фігуру пераемніка цяперашняга кіраўніка. Калі не будзе форс-мажору, штурвал улады павінен атрымаць адзін з яго старэйшых дзяцей. Таму ў дачыненні да Казахстана прэтэндэнтам нумар адзін на трон лічылася Дарыга Назарбаева — старэйшая дачка прэзідэнта, якая цяпер займае пасаду спікера сената.

Дарыга ўзначаліла спіс фаварытаў толькі апошнім часам, паколькі раней ёй давялося доўга апраўдвацца за шлюб з алігархам Рахатам Аліевым. Апошні аказаўся настолькі кепскім зяцем, што пачаў зліваць на Елбасы кампрамат, і нават паспрабаваў узначаліць апазіцыю. Скончылася гэта ўцёкамі ў Аўстрыю, дзе Аліеў і памёр, не без дапамогі (так, прынамсі, лічыць шмат хто) казахскіх спецслужбаў. Не дзіўна, што Дарыга трапіла ў няміласць. Спатрэбілася шмат часу, каб бацька забыўся пра былое, вярнуў яе ў блізкае атачэнне і даў пасаду ва ўладзе, якая дазваляла разлічваць на мажлівасць працягу дынастыі.

І раптам нешта пайшло не так. Катавасію ў назарбаеўскім доме выклікала серыя допісаў у сацсетках Айсултана Назарбаева — малодшага ўнука Елбасы і сына Рахата Аліева. Таго самага Айсултана, які не так даўно стаў героем брытанскіх таблоідаў: будучы «пад кайфам», ён у Лондане пакусаў паліцэйскага. На бераг Тэмзы ён трапіў як адзін з функцыянераў казахскага футболу. Спроба ўзяць копа на зуб каштавала мажору ўмоўнага тэрміну і курса лячэння ад нарказалежнасці. Цяжка сказаць, ці пазбавіўся пацыент ад залежнасці, паколькі на прыгоды яго пацягнула зноў.

Зранку 22 студзеня ў Фэйсбуку Айсултана пачалі з’яўляцца вельмі дзіўныя допісы. Айсултан пісаў, што доўгі час ён знаходзіўся ў турме, і ў той час яго ФБ-старонкай кіравала маці Дарыга ў тандэме з былым старшынёй Камітэта нацыянальнай бяспекі. Увогуле, наркаманам ён стаў таксама дзякуючы роднай маці, якая прымусіла яго ўжываць наркотыкі з дапамогай нейкіх чараў. А на закуску аўтар выдаў сенсацыю, напісаўшы, што яго сапраўдны бацька — Нурсултан Назарбаеў. Гэтай таямніцай Дарыга, быццам бы, і шантажуе Елбасы.

Нельга сказаць, што публіка адразу паверыла ў тое, што было напісана. Аднак колькасць скептыкаў значна скарацілася пасля таго, як стала відавочная нервовая рэакцыя ўлады. Напрыклад, тая ж Дарыга адмовілася каментаваць паведамленні сына. Спробы давесці, што Айсултан не можа быць біялагічным сынам Назарбаева, пакуль таксама выглядаюць вельмі цьмяна. Таму і з’явілася падстава шукаць нейкую логіку ў версіях Айсултана.

Агулам карціна, што складваецца, выглядае дзікавата, аднак, як вядома, у багатых свае забабоны. Дапускаюць, што хлопцам сапраўды рухае матыў помсты за бацьку Рахата Аліева, забойства якога, як лічаць амаль усе, замовіў дзед. Сваімі апошнімі скандальнымі ўчынкамі хлопец дыскрэдытуе дзеда, адначасова ствараючы інфармацыйны фон, каб засцерагчыся ад магчымай фізічнай ліквідацыі з боку шматлікіх ворагаў унутры сям’і.

Так ці інакш, пакуль хайп працягваецца. І гэта не дзіўна, бо тэма пра тое, што ў сям’і прэзідэнта былі інцэсты або практыкуюць вядзьмарства, цудоўна пасуе постсавецкай масавай свядомасці. Свой унёсак у раскрутку скандалу робяць і плёткі наконт жудаснай помсты, якую сям’я Назарбаева падрыхтавала для свайго паўліка марозава. Пішуць, што хлопца ўжо забралі з наркалогіі, каб змясціць у дом вар’ята з вельмі суровым унутраным рэжымам.

Незвычайныя метамарфозы казахскай палітыкі апошніх дзён каментуе НЧ прафсаюзны актывіст з Казахстану Айнур Курманаў.

«Гэтыя скандальныя прызнанні кажуць пра велізарнае напружанне і супярэчнасці ўнутры кіруючай сям’і Назарбаева, дзе на самай справе няма ніякага адзінства, — мяркуе ён. — Не кажучы ўжо пра вельмі скандальны лад жыцця, які ўласцівы чальцам сям’і. Усё гэта разбурае іканастас Назарбаева і павагу да Дарыгі як яго пераемніка. Пра хуткае падзенне аўтарытэту Елбасы сведчыць новая падзея, якую яшчэ ўчора было цяжка нават уявіць, — ва Уральску людзі публічна запатрабавалі не называць адзін з цэнтральных праспектаў у гонар першага прэзідэнта. Ці не ўпершыню за доўгі час дазволю сабе дапус­ціць, што дынастыя Назарбаевых хутка не будзе кіраваць Казахстанам».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: