«Ганебнае і цалкам неабгрунтаванае рашэнне». Як свет адрэагаваў на прысуд журналісткам «Белсата»

У чацвер, 18 лютага, суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў журналістак «Белсата» Дар'ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Дзяўчат абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», тады як яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі і вялі стрым з «Плошчы Перамен». На прысуд адрэагавалі палітыкі і арганізацыі шматлікіх краін свету.
«У сувязі з прысудам журналістам тэлекампаніі "Белсат" прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда даручыў польскім дыпламатам у Мінску перадаць беларускаму боку яго цвёрдае непрыманне рэпрэсій супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў, заклік да іх спынення і амністыі», — напісаў у Twitter дзяржсакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.

«Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Кацярыны і Дар'і. Прысуд суда, вынесены за рэалізацыю імі сваіх прафесійных правоў, незаконны, ён прадыктаваны рэжымам Лукашэнкі. Больш за тое, гэта недапушчальнае парушэнне дэмакратычных прынцыпаў і свабоды СМІ», — гаворыцца ў сумеснай заяве літоўскіх парламентарыяў, якая паступіла ў БелаПАН. Яны таксама заклікалі Еўрасаюз уключыць суддзю Наталлю Бугук і пракурора Аліну Касьянчык ў санкцыйных спіс у рамках еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека — так званага еўрапейскага «акта Магніцкага».

«Ганебны пераслед супраць СМІ працягваецца, ЕС рашуча асуджае і заклікае адмяніць прысуд журналісткам "Белсата" Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовой за тое, што яны проста рабілі сваю працу. Мы заклікаем улады Беларусі паважаць асноўныя свабоды і спыніць пераследваць журналістаў», — напісаў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана ў сваім Twitter.

«Гэтае судовае рашэнне з'яўляецца чарговым сведчаннем таго, што ўлады не імкнуцца ўсталяваць справядлівасць, а спрабуюць прымусіць СМІ замаўчаць і тым самым абмежаваць доступ беларусаў да інфармацыі для дасягнення сваіх палітычных мэтаў», — адзначае амбасада ЗША ў Беларусі. Там назвалі прысуд «абуральным», «палітычна матываваным» і заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед, «у тым ліку судовы, у дачыненні да журналістаў і выданняў за асвятленне навін».

«Гэты прысуд накіраваны на тое, каб запалохаць усіх прадстаўнікоў прафесіі, абвясціць журналістыку па-за законам. Рэпрэсіўны зрух рэжыму дыктатара Лукашэнкі патрабуе хуткай і цвёрдай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці. Мы яшчэ раз заклікаем Еўрапейскі саюз, Савет Еўропы і АБСЕ не быць датычнымі да парушэнняў з боку гэтага рэжыму», — заявіў прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер-Б'ерэгард.

«Гэта ганебнае і зусім неабгрунтаванае рашэнне. Мы заклікаем прэзідэнта Лукашэнку неадкладна спыніць кампанію запалохвання прэсы і вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову. Сённяшні прысуд з'яўляецца відавочнай атакай на свабоду прэсы, і мы ўсе разам выступаем супраць гэтай насмешкі над правасуддзем», — заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў Юнэс Муджахід.

«Свабода СМІ — галоўнае права чалавека. Выклікае трывогу, што беларускія ўлады парушаюць міжнародныя законы, працягваючы судзіць і аказваць ціск на свабоду слова і адмаўляць грамадзянам у доступе да інфармацыі, якая прадстаўляе грамадскі інтарэс. Мы заклікаем улады неадкладна вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову і дазволіць СМІ свабодна працаваць без страху пераследаў», — заявіў гендырэктар EBU Ноэль Куран.

Дырэктар берлінскага аддзялення міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крысціян Мір назваў прысуд «жахлівым». Паводле яго слоў, гэта азначае новую стадыю эскалацыі ў Беларусі: калі раней журналістаў саджалі на суткі, то цяпер гаворка ідзе пра прысуд, тэрмін якога вылічаецца гадамі. «Увесь гэты тыдзень — чорны тыдзень для свабоднай прэсы ў Беларусі», — заявіў Мір.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: