Цяньаньмэнь: 30 гадоў пасля

Свет узгадвае 30-ю гадавіну задушэння пратэстаў на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь. Ноч на 4-га чэрвеня 1989 года, магчыма, стала падзелам не толькі кітайскай, але і сусветнай гісторыі.


Catherine Henriette / AFP / Getty Images

Catherine Henriette / AFP / Getty Images


Некаторыя кажуць — трыста. Іншыя — чатырыста. 2600 — аўтарытэтна сцвярджае Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў кітайскім Міністэрстве аховы здароўя. Мільён — заяўляюць на расійскім тэлебачанні. Дасюль ніхто не ведае дакладную колькасць забітых і параненых падчас разгону пратэстуючых на плошчы Цяньаньмэнь.

Ніхто не чакаў такой крывавай развязкі падзей, якія стыхійна пачаліся 15 красавіка. У гэты дзень нечакана памёр былы генсек ЦК КПК Ху Яабан, які публічна падтрымліваў асцярожную лібералізацыю ў краіне. Людзі, якія жадалі ўшанаваць памяць памерлага, сталі сцякацца на галоўную плошчу Пекіна. Там жа было вырашана рабіць такія сустрэчы рэгулярнымі.

Магчыма, на такіх мітынгах усё і скончылася б. Аднак нечакана 27 красавіка вядучы партыйны орган «Народная Газета» спарадзіў артыкул, у якім удзельнікаў збораў на Цяньаньмэнь назвалі аб’ектамі маніпуляцыі. Сто тысяч студэнтаў на знак пратэсту супраць публікацыі пайшлі ў цэнтр сталіцы. Там жа 13 траўня каля сотні студэнтаў пачалі галадоўку, высунуўшы ў тым ліку палітычныя лозунгі — шырокія дэмакратычныя рэформы.

AP Photo / Sadayuki Mikami

AP Photo / Sadayuki Mikami

У ідэйным плане пекінскі Майдан быў вельмі стракатым. Спантанныя выступы атрымалі масавую падтрымку праз рэзкае пагаршэнне сацыяльнай сітуацыі. Увесну 1989-га пачаўся новы віток інфляцыі, які прымусіў шматлікіх кітайцаў зацягнуць паясы. Прычынай пагаршэння лічылі эканамічную лібералізацыю, якую Дэн Сяапін запусціў у 1978-м. Таму на пекінскім Майдане спявалі «Інтэрнацыянал» і сумавалі па часах Маа. Але ўсе праграмныя супярэчнасці прысутных нівеляваў дух салідарнасці.

AP Photo / Jeff Widener

AP Photo / Jeff Widener

Так ці інакш, першы бой Плошча выйграла — улада не наважылася разагнаць натоўп адразу. Гэтаму спрыяла адсутнасць адзінства ў кіраўніцтве Кампартыі. Большасць сябраў ЦК выступала за сілавы сцэнар, аднак была вымушана даць шанец тым, хто верыў у дыялог. Скоўваў «ястрабам» рукі і хуткі травеньскі гістарычны візіт у Пекін Міхаіла Гарбачова. Разгон студэнтаў напярэдадні візіту мог мець самыя непрадказальныя наступствы. Першая асцярожная спроба ўвесці войскі ў цэнтр гораду адбылася 19 траўня, аднак правалілася праз сабатаж некаторых афіцэраў.

AP Photo / Jeff Widener

AP Photo / Jeff Widener

Фінальны хапун давялося адкласці, чым адразу скарысталася вуліца. Хутка пратэсты выйшлі за межы сталіцы. У больш чым за 80 гарадох пачаўся рух салідарнасці з Цяньаньмэнь, які абапіраўся ў тым ліку на камітэты на прадпрыемствах, якія па сутнасці ўяўлялі паралельную ўладу. З’явіліся ўсе прыкметы таго, што завецца «дэмантаж сістэмы». Адзін з функцыянераў метафарычна параўноўваў сітуацыю напрыканцы траўня са скачкамі на тыгры: сядзець на ім небяспечна, але спусціцца яшчэ небяспечней.

Tommy Cheng / AFP / Getty Images

Tommy Cheng / AFP / Getty Images

Трывожныя справаздачы з месцаў далі ў ЦК перавагу аматарам сілавога сцэнару, і 2 чэрвеня Дэн Сяапін загадаў войску рушыць у Пекін. Аднак праз моцны вулічны супраціў вайскоўцы здолелі прарвацца на Цяньаньмэнь і зачысціць плошчу толькі праз два дні. Прыкладна ў той жа дзень былі лакалізаваныя ўсе ачагі пратэсту ў правінцыі. Мяцеж быў утаймаваны.

Праз 30 гадоў відавочна, што пачатак чэрвеня 1989-га аказаўся рубежнай падзеяй у гісторыі Кітаю. Прывід пратэстаў таго года дасюль пераследуе мясцовых чыноўнікаў. Адразу пасля разгону плошчы ў партыі адбылася чыстка ўсіх, хто спрабаваў шукаць кампраміс са студэнтамі. Былі ўзмоцненыя і мадэрнізаваныя сілавы блок і спецслужбы. Каб не дапусціць рымейку 1989-га, узяты курс на будаўніцтва паліцэйскай сістэмы, якая дазваляе выяўляць ропат на самых пачатковых фазах, пакуль ён не набыў характару масавага пратэсту.

 AP Photo

 AP Photo

У працэсе рэалізацыі гэтай устаноўкі паўстала самая развітая ў свеце мадэль цэнзуры і кантролю над інфармацыяй. У КНР пад забарону трапілі замежныя пошукавікі, інфармацыйныя сайты і платформы сусветных сацыяльных сетак.

У тым ліку кітайскія ўлады намагаюцца фільтраваць і ўспаміны пра вясну 1989-га. Афіцыёз спрабуе не кранаць гэтую балючую тэму. Калі ж замоўчваць пытанне не атрымліваецца, чыноўнікі або спікеры Пекіну апраўдваюць рэпрэсіі поспехамі кітайскай эканомікі на працягу апошніх 30 год. Маўляў, калі б не рашучыя дзеянні камуністаў, краіне было не пазбегнуць хаосу, а сотні мільёнаў кітайцаў дасюль бы жылі ў галечы.

Гэты тэзіс, дарэчы, імпартавалі некаторыя расійскія публіцысты, якія параўноўваюць Цяньаньмэнь і савецкую Перабудову. Сцвярджаецца, што перамога ГКЧП у жніўні 1991-га магла даць СССР шанцы на мадэрнізацыю, падобную на кітайскую. Што тычыцца заходняй публіцыстыкі, то там разглядаюць КНР пасля 1989-га як лабараторыю аўтарытарных і папулісцкіх рэжымаў, што ўзніклі ў свеце пазней. Маючы перад сабой прыклад Кітая, лідары гэтых рэжымаў зрабілі для сябе катэгарычную выснову: размовы і перамовы з апазіцыяй — гэта добра, аднак напрыканцы ўсё вырашае толькі гвалт.

AP Photo / Jeff Widener

AP Photo / Jeff Widener

У Пекіне ў 1989-м была задушаная свабода не толькі кітайцаў. Аднак гэта не адзіная спадчына кітайскай вясны. Тады ж, у цэнтры Пекіна, быў зроблены ўнікальны фотаздымак: чалавек, які заступае шлях калоне танкаў. Гэты здымак на ўсе часы стаў сімвалам супраціву рэпрэсіўнай уладзе. І пакуль гэты здымак будзе выклікаць эмоцыі, можна казаць, што Цяньаньмэнь, прычым, таксама глабальны, працягваецца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!