Хапун, што змяніў краіну

Неаднаразова жорсткія падаўленні дэманстрацый былі пралогам нацыянальных рэвалюцый. Як прыклад — падзеі ў Румыніі 30-гадовай даўніны.


Як ні смешна, аднак спускавым кручком гэтай гісторыі сталі асабістыя забабоны румынскага дыктатара Нікалаэ Чаўшэску. Генію Карпат — так любіў называць яго афіцыёз — была ўласцівая любоў да ўсяго гіганцкага. З гэтых прычынаў у пачатку 1989 года ён вырашыў стварыць буйныя сельскагаспадарчыя комплексы на тэрыторыях пражывання этнічных венграў у Трансільваніі. У рамках рэалізацыі плана, які быў названы «сістэматызацыяй», прадугледжвалася ліквідацыя 15–17 тысяч мясцовых вёсак.

Лагічна, што геніяльная ідэя лідара выклікала нараканні сялян, якія публічна агучваў пратэстанцкі прапаведнік Ласла Цёкеш з горада Тымішаара. У сваіх выступах ён адкрыта выказваўся супраць планаў уладаў і заклікаў у тым ліку да пасіўнага і актыўнага супраціву. Такая актыўнасць не магла прайсці міма ўвагі спецслужбаў. Улетку 1989 года знік адзін з паплечнікаў Цёкеша. Яго знайшлі праз некалькі дзён у лесе, прывязаным да дрэва і расстраляным ва ўпор. Падазраюць, што яго забілі супрацоўнікі сакрэтнай службы Секурытатэ.

Неўзабаве, 16 снежня 1989 года прыйшлі і за самім Цёкешам. Афіцыйна — каб выселіць з дома ў горадзе Тымішаара з-за распальвання міжнацыянальнай варожасці. Пратэставаць у абарону пастара выйшлі спачатку ўсе прыхаджане, потым усё венгерскае насельніцтва гораду, а пасля — і ўвесь горад.

Імгненна першапачатковая прычына выступу (абарона прапаведніка) была забытая, і пачалі гучаць антыкамуністычныя і антыўрадавыя лозунгі. Яны нарадзіліся не на пустым месцы. Жадаючы хутчэй расплаціцца па фінансавых абавязках перад МВФ, Чаўшэску запатрабаваў жорстка эканоміць электрычнасць. Румыны ў той час былі вымушаныя практычна па графіку выключаць святло ў дамах. Сваю ролю адыграла і псіхічная стомленасць людзей ад фігуры Генія Карпат, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў.


Так ці інакш, натоўп арганізавана рушыў да цэнтру Тымішаары, спрабуючы спачатку мірна паразмаўляць з прадстаўнікамі гаркама партыі і мэрыі. Калі да месца падзей прыбыла міліцыя, пачаліся сутычкі. У выніку міліцыянтам удалося адціснуць маніфестантаў з цэнтру. Затое тыя здолелі адбіць у іх вадамёты, якія адразу выкінулі ў раку.

Наступным аб’ектам атак удзельнікаў пратэсту сталі... кнігарні. Не толькі таму, што ў румынскіх прадуктовых крамах тады было пуста. Захапіўшы кнігарні, маніфестанты развялі вогнішчы і неміласэрна палілі ў іх кнігі, аўтарам якіх быў Чаўшэску. Ужо раніцай 17 снежня натоўп зноў рушыў у напрамку гаркаму, але на гэты раз мітынгоўцам удалося ўварвацца ўнутр будынку.

Пра гэта неадкладна даклалі самому Чаўшэску, які адразу аддаў загад Секурытатэ і ўзброеным сілам страляць у дэманстрантаў на паразу. Калі верыць некаторым крыніцам, салдаты стралялі ў мітынгоўцаў з вельмі невялікай адлегласці, выкарыстоўваючы забароненыя кулі «дум-дум». Гэтыя кулі лёгка разрываюцца пры траплянні ў цэль. Так, пры траплянні куляў у галовы дэманстрантаў, іх чарапы разляталіся на фрагменты. Такім чынам, у мітынгоўцаў практычна не было шанцаў выжыць пасля ранення.

Паводле розных ацэнак (афіцыйных і неафіцыйных), было забіта ад 50 да 600 чалавек. Амерыканскія СМІ пазней пісалі, што тагачасны прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы нібыта нават звяртаўся да Гарбачова з просьбай накіраваць у Румынію савецкія войскі, і пакласці канец бойні.

Між тым, разагнаўшы дэманстрантаў, каманда Чаўшэску сутыкнулася з праблемай — што рабіць з такой колькасцю трупаў? Па асабістым загадзе жонкі дыктатара Алены Чаўшэску, ужо вечарам 17 снежня пачалася аперацыя «Ружа» з мэтай замесці сляды масавага расстрэлу. Трупы тымішаарскіх дэманстрантаў былі загорнутыя ў мяхі і сакрэтна дастаўленыя на машынах у сталіцу для спалення ў крэматорыі. Попел спаленых быў загружаны на яшчэ адзін грузавік, вывезены далёка за горад, дзе яго высыпалі. У прэсе пішуць, што сваякам расстраляных у моргу, быццам, былі выдадзеныя чужыя целы — целы людзей, якія загінулі па натуральных прычынах, твары якіх знявечылі.

А пасля пачалося самае неверагоднае. Татальная сакрэтнасць аб дэталях аперацыі ў Тымішаара, якую афіцыёз называў «выхадкай хуліганскіх элементаў», не дапамагла схаваць праўду. Шок ад яе быў такі моцны, што румыны забыліся пра страх перад сістэмай. 20 снежня мітынг, які планаваўся прыхільнікамі Чаўшэску як дэманстрацыя лаяльнасці румынскага народа, ператварыўся ў маніфестацыю разгневаных румын.

У тым ліку пад лозунгамі помсты за ахвяраў Тымішаара ў Бухарэсце пачаліся антыўрадавыя выступы. Неўзабаве паліцыя і армія аказаліся паралізаваныя, а частка высокапастаўленых ваенных перайшла на бок паўстанцаў. Адзінай магчымасцю выратавацца ад паўстанцаў для пары Чаўшэску сталі ўцёкі на верталёце з даху палаца прэзідэнта. Аднак у выніку Чаўшэску з жонкай усё адно былі злоўленыя і расстраляныя.

Румынскія і міжнародныя гісторыкі дасюль спрачаюцца, ці былі падзеі ў Румыніі ў снежні 1989 года стыхійным пратэстам, або ўсё ж гэта — вынік змовы ваенных і партыйцаў. Пісалі, што ўнутры арміі дзейнічала група афіцэраў — прыхільнікаў курсу Гарбачова, якая і схіліла салдат перайсці на бок пратэстоўцаў, што і вырашыла лёс паўстання. Але нават такая версія не дае падставу для сумневаў, што галоўным імпульсам румынскай рэвалюцыі стала гнеўная рэакцыя людзей на крывавы хапун у Тымішаара.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: