Як гарэлка стала прычынай паўстання

Напярэдадні 190-х угодкаў лістападаўскага паўстання 1830–1831 года вялікую цікавасць выклікае версія, што яго галоўнай прычынай быў алкаголь.

Эпізод паўстання 1830 года

У падручніках гісторыі асноўную ролю ў лістападаўскім паўстанні традыцыйна адводзілі падпольным патрыятычным арганізацыям, якія мелі падтрымку перш за ўсё сярод афіцэраў. Апошніх ісці ў падполле матывавала ідэя аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай, большая частка якой у 1830 годзе была адміністрацыйнай адзінкай Расійскай імперыі пад назвай Царства Польскае.

Арганізаваць бунт афіцэрам дапамагла частка грамадства, незадаволеная рэпрэсіўнымі мерамі Санкт-Пецярбурга. У 1819 годзе ў Царстве Польскім была ўведзеная папярэдняя цэнзура, якой да гэтага часу Польшча не ведала. Скліканне чарговага Сейма доўгі час адцягвалася з-за абрання туды нелаяльных дэпутатаў. Некаторых з іх давялося нават арыштаваць па дарозе на сесію. Пасля гэтага Сейм імкліва прыняў усе законы, прадстаўленыя яму расійскім імператарам.

Між тым частка цяперашніх гісторыкаў лічыць, што гэтых прычын для паўстання недастаткова. Абсалютную большасць жыхароў краю тэма парушэння царом Канстытуцыі наўрад ці цікавіла. Не кажучы пра тое, што Царства Польскае карысталася значна большымі прывілеямі, чым суседнія заваяваныя і паглынутыя дзяржавы. У Царстве Польскім быў уласны ўрад, свая Канстытуцыя, свая грашовая сістэма, свая армія. Вядома, на троне сядзеў кіраўнік іншай краіны, але з моманту заканчэння дынастыі Пястаў такая сітуацыя была звыклай.

Эканоміка, асабліва земляробства, вельмі добра развівалася, паколькі прадукцыя ішла на вялікі расійскі рынак збыту. Пра тое, што царская ўлада не асабліва турбавала жыхароў Царства Польскага, маўляў, таксама сведчыць, песня «Boże, coś Polskę», якая і па гэты дзень уваходзіць у спіс польскага патрыёта. Між тым, песня была напісаная да святкавання першай гадавіны стварэння Царства Польскага і каранацыі Аляксандра I.

Што ж тады стала прычынай паўстання? Такім фактарам, на думку гісторыка Гжэгаша Браўна, была дзейнасць валынскага абруселага яўрэя Лявона Наваховіча, які купіў ва ўрада Царства Польскага манаполію на алкаголь і піва. У выніку набыць гэты тавар, прычым па новых, больш высокіх коштах, можна было толькі ў крамах, як бы цяпер сказалі, «сеткі Наваховіча». Любы іншы вытворца алкаголю быў абавязаны прадаваць сваю прадукцыю на склад бізнесоўца.

Відавочна, што нейкі працэнт ад барышоў манапаліст аддаваў мясцовым чыноўнікам. Без іх дапамогі было б немагчыма стварыць на гарадскіх заставах сістэму патрулёў, якія змагаліся б з кантрабандай. Быў нават створаны адмысловы «спецназ», які з дубінкамі ў руках хадзіў па шынках і правяраў, ці няма ў меню ўстановы нелегальнай гарэлкі. З улікам месца алкаголю ў славянскай культуры няма нічога дзіўнага, што атмасфера ў Царстве Польскім па ўзроўні напружанасці неўзабаве стала нагадваць Злучаныя Штаты часоў «сухога закона».

Пра гэта ўскосна сведчаць і антыўрадавыя пракламацыі, якія з’явіліся ў Варшаве акурат напярэдадні паўстання. Тыя афішы заклікалі варшавян расправіцца не з расійскімі акупантамі ці палякамі, якія дапамагалі царскаму рэжыму. Пагрозы ў пракламацыях былі адрасаваныя кіраўніку сталіцы і Наваховічу.

Між тым, 29 лістапада патрыёты-афіцэры, баючыся, што польскую армію адправяць душыць бельгійскую рэвалюцыю, паднялі паўстанне. У 6 гадзін вечара афіцэр Пётр Высоцкі ўвайшоў у казарму падхарунжых і прамовіў свой славуты лозунг пра тое, што надышоў час помсты. 162 кадэты забілі сваіх камандзіраў, выйшлі на вуліцы Варшавы і заклікалі мінакоў далучацца.

Аднак насельніцтва не паддалося энтузіязму. Буржуа элітнага Кракаўскага прадмесця, наадварот, дэманстратыўна зачынялі вокны і дзверы. Паўстанне было на мяжы паразы, калі б не насельніцтва бедных раёнаў. Тлум дапамог афіцэрам-праўстанцам узяць штурмам арсенал і здабыць зброю. Праўда, як высветлілася, шмат каму зброя спатрэбілася з адной мэтай, — адправіцца рабаваць алкагольныя крамы Наваховіча. Відавочцы казалі, што люмпены пілі і весяліліся ўсю ноч. Паколькі на руках у іх была зброя, сцішваць натоўп было вельмі небяспечна. Да таго ж многія салдаты далучыліся да гэтага сабантую.

Лідары паўстання на фоне рабаванняў і калектыўнага п’янства спачатку былі ў паніцы. Яны баяліся не толькі рэваншу з боку верных цару жаўнераў і хаосу ў горадзе, але таксама яўрэйскіх пагромаў (фігура Наваховіча выклікала ў многіх пачуццё антысемітызму). Аднак потым зразумелі, што да раніцы, калі ўсё будзе выпіта, народ супакоіцца. Прыкладна ўвечары наступнага дня Варшава вярнулася ў звыклы рытм жыцця — і інсургенты пачалі ствараць новыя органы ўлады.

Калі пагадзіцца з версіяй Браўна, атрымліваецца, што менавіта алкаголь падняў палякаў на адважнае паўстанне. «Без гарэлкі не было б паўстання», — рэзюмуе гісторык у сваіх тэкстах. У дадзеным выпадку, напэўна, больш слушнай была б іншая выснова: як вучыць у тым ліку гісторыя лістападаўскага паўстання, ніякіх гарантый для ўлады ад пратэстаў не існуе. Калі ў грамадстве ёсць пратэставыя настроі, нават маленькая непрыкметная побытавая дробязь можа стаць рэвалюцыйнай іскрай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: