Хатні гвалт над цяжарнымі маці звязалі з пагаршэннем інтэлекту іх дзяцей

Брытанскія навукоўцы высветлілі, што хатні гвалт над цяжарнай жанчынай звязаны з пагаршэньнем разумовых здольнасцяў яе дзіцяці. У дзяцей, чые маці падвяргаліся гвалту, каэфіцыент інтэлекту быў на 3-5 працэнтаў ніжэй за норму. Пры гэтым ад фізічнага гвалту над маці паказчыкі пацярпелі мацней, чым ад псіхалагічнага.
Гвалт з боку партнёра да гэтага часу шырока распаўсюджаны нават у развітых краінах. Прынамсі, яшчэ ў 2013 годзе СААЗ паведамляла пра тое, што ў краінах з высокім узроўнем даходаў гвалту падвяргаліся 23 адсоткі жанчын. Калі ж жанчына цяжарная, то пакутуе не толькі яна сама, але і яе дзіця. Вядома, напрыклад, што стрэс падчас цяжарнасці можа прывесці да самых розных наступстваў для плоду — ад заўчасных родаў да неўралагічных адхіленняў. Аднак даследаванняў аб тым, як звязаны гвалт над маці падчас цяжарнасці з кагнітыўнымі здольнасцямі яе дзіцяці, практычна няма.

Група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Рычарда Эмслі (Richard Emsley) з Каралеўскага каледжа ў Лондане вырашыла ацаніць, якая колькасць брытанскіх жанчын падвяргаецца гвалту, а таксама праверыць, як гэта ўплывае на ўзровень інтэлекту іх дзяцей.

Навукоўцы працавалі з дадзенымі Эйванскагао лангіцюднага даследавання бацькоў і дзяцей (ALSPAC). З 14 тысяч жанчын, якія былі цяжарныя ў 1990-1992 гадах, адабралі 3153, якія нарадзілі адно дзіцяці, далі інфармацыю аб сямейным гвалце і пагадзіліся на агляды дзіцяці да 18 гадоў. Узровень інтэлекту дзяцей даследчыкі ацэньвалі па Шкале Інтэлекту Вехслера — гэта шматузроўневы тэст, які ўключае ў сябе праверку рабочай памяці, успрымання мовы, разумення візуальнай інфармацыі і іншых навыкаў.

18,6 адсоткі апытаных жанчын распавялі пра тое, што падвергнуліся гвалту ў перыяд ад пачатку цяжарнасці і ажно да шасці гадоў пасля нараджэння дзіцяці. Пры гэтым 17,6 адсотка паведамілі аб псіхалагічным гвалце, а 6,8 адсотка — аб фізічным. У якасці пабочных зменных пры ацэнцы сувязі паміж гвалтам над маці і кагнітыўнымі здольнасцямі дзіцяці даследчыкі ўлічылі дэмаграфічныя паказчыкі і сацыяльна-эканамічны статус бацькоў, спажыванне алкаголю і курэнне падчас цяжарнасці і наяўнасць у маці дэпрэсіі.

Затым даследнікі падлічылі колькасць дзяцей з узроўнем інтэлекту ніжэй сярэдняга (менш за 90 пунктаў) ва ўзросце 8 гадоў у абедзвюх групах. У жанчын, якія не падвяргаліся гвалту, 13 адсоткаў дзяцей мелі ніжэй сярэдняга значэнне агульнага інтэлекту, 9,9 працэнта — вербальнага інтэлекту і 20,4 адсотка — перфарматыўнасць інтэлекту. У тых жа, хто паведамляў пра гвалт, — 16,8, 12,1 і 25,6 адсотка адпаведна. Пры гэтым фізічны гвалт, відаць, аказаўся больш траўмуючым, чым псіхалагічны: ад першага дзеці гублялі ў сярэднім 5,6 пункта ў параўнанні з аднагодкамі, а ад другога — 2,9.

Так навукоўцы прадэманстравалі, што праблема гвалту ў сям’і ўсё яшчэ актуальная для Вялікабрытаніі і нават — можа адбіцца на разумовых здольнасцях дзяцей пацярпелых жанчын. Зрэшты, аўтары працы адзначаюць, што маглі выявіць не ўсе выпадкі гвалту — з-за таго, напрыклад, што жанчыны баяліся пра яго распавядаць ці забывалі, калі менавіта яно адбылося, таму рэальныя лічбы могуць быць іншымі (хутчэй за ўсё — яшчэ больш).

У 2018 году навукоўцы зафіксавалі падзенне сярэдняга ўзроўню інтэлекту — прынамсі, у Нарвегіі. Зараз жа з’явіліся тэхналогіі, якія дазваляюць абраць будучае дзіцяці з максімальна магчыма развітымі кагнітыўнымі здольнасцямі на падставе генетычных тэстаў — аднак, як высветлілася, яны не даюць вялікага выйгрышу, а дакладнасць іх невысокая.

Паводле nplus1.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: