Геапалітыка і Канстытуцыя

Увосень Малдова і Украіна збіраюцца ўнесці ў свае канстытуцыі папраўкі, закліканыя не дазволіць краінам збочыць з курсу інтэграцыі ў Еўрасаюз і NАТО. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі канстытуцыйнага права.

Фота www.ukrinform.ru


Не так даўно на Кубе былі ініцыяваныя папраўкі ў мясцовую канстытуцыю. Сярод іншага прапануецца прыбраць параграф пра тое, што кубінскае грамадства імкнецца будаваць камунізм. Да кубінскіх камуністаў дайшло, што палітычны вектар апрыёры не можа быць вечным. А ў постсавецкай зоне ідуць адваротныя працэсы. У Кішынёве і Кіеве дэбатуюць ідэю замацаваць у канстытуцыях імкненне абедзвюх краін стаць сябрамі ЕС. Ва ўкраінскім варыянце таксама гаворка ідзе пра сяброўства ў NАТО.

У Малдове ўпершыню пра такую папраўку пачалі казаць у верасні мінулага года ў кіраўніцтве ўрадавай Дэмакратычнай партыі. Пры гэтым ініцыятары спасылаліся на папярэднюю пастанову Канстытуцыйнага суда. Згодна з гэтым рашэннем, КС канстатаваў, што арыентацыя на еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасці — вызначальны элемент канстытуцыйнай ідэнтычнасці Малдовы.

Нягледзячы на тое, што праеўрапейскія партыі маюць большасць у малдоўскім парламенце, праект дасюль буксуе. Прычынаў шмат. Перш за ўсё — беспрэцэдэнтны характар такой папраўкі. Ніводная з 11 усходнееўрапейскіх краінаў, якія сталі сябрамі ЕС, не адзначала ў канстытуцыі намер атрымаць там прапіску. Папраўкі ў законы гэтых краін уносіліся, зыходзячы з практычнай неабходнасці, а не з пажаданняў або фантазій. Менавіта таму на малдоўскіх форумах шмат жартаў наконт таго, што «каб больш не перапісваць канстытуцыю, адразу напішыце, што Малдова — сябар ЕС, або лепш — штат ЗША». Нарэшце, ніхто не ведае, якой будзе сітуацыя праз 15–20 гадоў, калі, паводле разлікаў спецыялістаў, той жа ЕС будзе гатовы раскрыць малдаванам абдымкі.

Віцэ-старшыня малдоўскай праеўрапейскай арганізацыі «Годнасць і праўда» Аляксандр Слусар лічыць, што ініцыятары канстытуцыйнай папраўкі «спрабуюць пусціць пыл у вочы грамадзянам і партнёрам па развіцці». «Еўрапейская інтэграцыя павінна ўкараняцца не словамі і напісанымі паперкамі, а адчувальнымі справамі для кожнага грамадзяніна», — каментуе Слусар. Увогуле, па сэнсе папраўка нагадвае яму артыкул 6 Канстытуцыі СССР 1977 года, які фіксаваў ролю КПСС як кіруючай сілы савецкага грамадства. Менавіта адмена гэтага артыкула была галоўным лозунгам аматараў пераменаў у часы перабудовы.

Асобны блок пытанняў выклікала тое, якім чынам практычна рэалізаваць папраўкі. Паводле логікі, за публічнае адмаўленне еўрапейскага шляху Малдовы цяпер будуць саджаць за краты. А калі ўзга­даць, што Венецыянская камісія (орган па канстытуцыйным праве пры Савеце Еўропы) крытычна паставілася да ідэі папраўкі, то сітуацыя падаецца папросту ідыёцкай. Малдоўскі грамадзянін, якога асудзілі за антыеўрапейскія заклікі, можа смела звяртацца ў еўрапейскія судовыя інстанцыі, каб атрымаць апраўдальны вердыкт і патрабаваць ад Кішынёва кампенсацыю.

Яшчэ адзін стрымліваючы фактар — пытанне Прыднястроўя. У выпадку канстытуцыйнага замацавання праеўрапейскага курсу Малдовы дыялог з прарасійскімі сепаратыстамі наконт аб’яднання краіны можа закансервавацца надоўга.

Між тым, пакуль малдаване чухалі патыліцы, ідэя пра замацаванне ў Канстытуцыі геапалітычнага азімута спадабалася піяршчыкам Пятра Парашэнкі. Як вынік, у выступе напярэдадні Дня незалежнасці 24 жніўня той паабяцаў праштурхнуць ва ўкраінскую хартыю папраўку, аналагічную малдоўскай.

Пры гэтым украінскім гарантам быў агучаны новы аргумент змены тэксту Асноўнага закона. «Сярод палітыкаў усё больш становіцца жадаючых паставіць пад сумнеў наш выразна вывераны еўрапейскі курс. Асобныя безадказныя палітыканы малююць неабходнасці вяртання на Усход. Каб ніхто не думаў «віхляць», упэўнены, што гэта павінна быць прамым тэкстам зафіксавана ў Канстытуцыі», — заявіў Парашэнка. Хаця большасць назіральнікаў усё ж бачаць у словах прэзідэнта спробу піяру напярэдадні электаральнай кампаніі.

Паводле тамтэйшага закону, для такіх зменаў украінскаму прэзідэнту неабходна падтрымка канстытуцыйнай большасці ў Вярхоўнай Радзе, якая складае 300 з 450 дэпутатаў. У прынцыпе, набраць такую колькасць, напэўна, можна, але з улікам старту выбарчай кампаніі і нізкага рэйтынгу Парашэнкі план утрымлівае пэўныя рызыкі. Каб не асацыявацца з непапулярным прэзідэнтам, дэпутаты, як гэта ўжо здаралася, могуць сабатаваць прапанову. Пра такую пагрозу зваротнага эфекту папярэджвае Парашэнку выданне «Украінская праўда».

Зрэшты, усё гэта — здагадкі і прагнозы. Лёс ініцыятыў пра канстытуцыйную папраўку мы даведаемся напачатку верасня — пасля таго, як у Малдове і Украіне пачнуцца парламенцкія сесіі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: