Генацыд над усімі генацыдамі

Самая, напэўна, крывавая вайна ў сучаснай гісторыі закончылася 150 гадоў таму. Пераможцы здолелі знішчыць 60 працэнтаў насельніцтва краіны, што прайграла. Зрэшты, не для ўсіх вайна аказалася трагедыяй.

Фота www.disgustingmen.com

«Я памру са сваёй краінай!» — крыкнуў парагвайскі прэзідэнт Франсіска Салана Лопес 28 лютага 1870 года ў адказ на прапанову здацца. У наступны момант Лопеса забілі, што фактычна паставіла кропку ў так званай Вялікай Парагвайскай вайне 1864–1870 гадоў.

Усё пачалося прыкладна на пяць гадоў раней, калі бразільцы зрынулі ўругвайскі ўрад, які падтрымліваў Парагвай. У адказ згаданы вышэй Лопес абвясціў вайну Бразіліі. Паколькі Аргенціна адмовіла Лопесу ў праходзе праз яе тэрыторыю парагвайскіх войскаў, яму давялося абвясціць вайну яшчэ і Аргенціне. Кампанія пачалася для Парагвая паспяхова. Але паступова бразільцы перанеслі вайну на тэрыторыю парагвайцаў. Апошнія абараняліся да канца 1868 года, калі саюзнікі захапілі сталіцу краіны — Асунсьён. Параза падавалася непазбежнай. Але Лопес падаўся ў горы, адкуль кіраваў партызанкай, пакуль яго лагер не быў знойдзены і знішчаны.

У прынцыпе, лацінаамерыканскія дзяржавы, якія нарадзіліся на рэштках Іспанскай імперыі, часта ваявалі. Аднак Вялікая Парагвайская вайна стаіць асобна. Маркёрам канфлікту ад самага пачатку была фенаменальная жорсткасць. Страты мужчынскага насельніцтва ў Парагваі па слядах вайны ацэньваюцца ў 90%. Для вырашэння дэмаграфічнай праблемы ўрад нават быў вымушаны часова легалізаваць шлюбы з некалькімі жанчынамі. І гэта ў каталіцкай краіне!

Прычым, не шкадавалі ўдзельнікі вайны нават сваіх. Той жа самы Лопес адправіў на смерць уласнага брата, біскупа Парагвая, які ў нечым правініўся. Напярэдадні сваёй гібелі ён паспеў падпісаць смяротны прысуд для маці і сястры.

Франсіска Салана Лопес



Шалёную колькасць ахвяр тлумачаць у тым ліку тым, што ў парагвайскую армію на нейкім этапе пачалі заклікаць жанчын і нават дзяцей. Так, у адной з бітваў змагаліся 3500 дзяцей і падлеткаў ад 9 да 15 гадоў з агульнай колькасці парагвайскіх сілаў у 6000 чалавек. Як правіла, зброі для дзяцей не хапала. Ім даводзілася ісці ў атаку з драўлянымі навучальнымі стрэльбамі, да якіх неяк прымайстроўвалі штыкі. Каб зрабіць эфект на праціўніка, падлеткі перад боем малявалі сабе сажай на твары вусы і бароды.

Страты сярод парагвайцаў звязваюць з іх фанатызмам, гатоўнасцю ісці за Лопесам да канца. Гэта, у сваю чаргу, тлумачыцца тым, што напярэдадні вайны краіна была цалкам ізаляваная, што дазволіла ўладам капітальна прачысціць моладзі мазгі. Таму адзін з сучасных гісторыкаў лічыць, што крыніцай гвалту было «сутыкненне псіхалогій крайнасцяў». Ахопленыя патрыятызмам парагвайцы-падлеткі намагаліся ахвяраваць сабой у імя Айчыны. У сваю чаргу, тым жа бразільцам даводзілася забіваць юных парагвайцаў пачкамі праз тое, што кожнаму было зразумела: адзіны спосаб выйграць вайну — знішчыць парагвайскае войска.

У антыглабалісцкай прэсе карані маштабнага гвалту падчас вайны бачаць у тым, што Парагвай, быццам, кінуў выклік Вялікабрытаніі — самай моцнай на той час дзяржаве свету. Сцвярджаецца, што ізаляваны ад глабальных цэнтраў Парагвай стварыў нейкі альтэрнатыўны сацыяльна-палітычны праект кшталту Паўночнай Карэі. Відавочныя дасягненні мадэлі Лопеса, як, напрыклад, стопрацэнтная пісьменнасць, маглі зацікавіць іншыя экс-калоніі. Як вынік, знішчэнне парагвайцаў разглядаецца як свядомы і дэманстратыўны акт генацыду супраць тых, хто асмеліўся кінуць выклік Лондану.

У сваю чаргу, ліберальныя публіцысты нагадваюць, што Парагвай па-сутнасці быў ледзь не таталітарнай дыктатурай Лопеса. І таму не дзіўна, што ў выніку дыктатар-самадур нарабіў каскад знешнепалітычных памылак, увязаўшыся ў вайну з трыма краінамі адразу.



Што тычыцца саміх парагвайцаў, то для іх, як піша прэса, «абмеркаванне гісторыі з’яўляецца нацыянальным відам спорту». У цэнтры дыскусій стала дамінуе гістарычная постаць Францыска Лопеса. На працягу першых дзесяцігоддзяў пасля вайны ў прэзідэнце бачылі выключна тырана. Але ў 1930-х гадах Парагвай здолеў перамагчы Балівію, абараніўшы свае прэтэнзіі ў рэгіёне Чако. На хвалі патрыятызму ў 1936-м парэшткі Лопеса былі выцягнутыя з джунгляў і ў прысутнасці ста тысяч чалавек урачыста перапахаваныя ў Асунсьёне.

У часы дыктатуры Альфрэда Стрэснера (1954–1989 гады) спадчына Лопеса зайграла новымі адценнямі. Яго называлі «героем хрысціянскай барацьбы супраць камунізму», хаця назваць бразільцаў або аргенцінцаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя камуністамі вельмі цяжка. На цяперашні дзень у трактоўках дасягнуты нейкі кампраміс: парагвайцы памятаюць вайну як гераічную кампанію, якая выявіла мужнасць нацыі, і адначасова — як эпічную трагедыю, якая падарвала яе развіццё.

Зрэшты, не для ўсіх вайна аказалася трагедыяй. Аўтары цяперашніх публікацый звяртаюць увагу на тое, што падзеі 1864–1870 гадоў сталі «велізарным бонусам» для парагвайскай эліты. Жудасныя наступствы вайны, якія адчуваюцца да гэтага часу, дазваляюць палітыкам дасюль перакладаць на тую трагедыю ўласныя правалы. У гэтым плане не дзіўна, што мясцовая кансерватыўная партыя Colorado за апошнія 150 гадоў умудрылася згубіць уладу толькі адзін раз — і тое толькі на адну пяцігодку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: