Генеральны сакратар ААН намякнуў, што не супраць заняць крэсла прэзідэнта Паўднёвай Карэі

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, тэрмін паўнамоцтваў якога на гэтай пасадзе заканчваецца 1 студзеня, намякнуў на тое, што можа пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла ў Паўднёвай Карэі.
Здымак AFP

Здымак AFP


Па словах Пан Гі Муна, пасля некалькіх дзён адпачынку ў пачатку студзеня ён вернецца на радзіму — у Паўднёвую Карэю. Пан Гі Мун ухіліўся ад прамога адказу на пытанне пра прэзідэнцкія амбіцыі, аднак адзначыў, што думае пра тое, як дапамагчы сваёй краіне.

Сітуацыю ў Паўднёвай Карэі ён ахарактарызаваў як «вельмі складаную».

У пачатку снежня парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за імпічмент прэзідэнта Пак Кын Хе. Прэзідэнт Паўднёвай Карэі апынулася замяшаная ў гучным скандале, пасля таго як яе памочніцу і блізкую сяброўку абвінавацілі ў карупцыі і выкарыстанні службовага становішча для атрымання выгады.

Канстытуцыйны суд краіны на працягу шасці месяцаў павінен вырашыць, ці адхіліць Пак Кын Хе ад улады.

Пакуль суд будзе прымаць рашэнне, кіраваць краінай будзе прэм'ер-міністр.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Паўднёвай Карэі павінны прайсці ў снежні 2017 года. Аднак калі Канстытуцыйны суд прыме рашэнне адхіліць Пак Кын Хе ад улады, то выбары павінны адбыцца праз 60 дзён пасля прыняцця гэтага рашэння.

Пан Гі Мун знаходзіўся на чале ААН два тэрміны запар. Ён заняў пасаду генеральнага сакратара ААН у студзені 2007 года, калі на гэтай пасадзе ён змяніў свайго папярэдніка Кофі Анана. 1 студзеня ён перадасць паўнамоцтвы партугальцу Антоніё Гутэрэшу.

Паводле рускай службы Бі-бі-сі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: