Германія. Эколагаў — не пускаць!

Баварская партыя ініцыявала незвычайную прапанову. Баварцы патрабуюць ад зямельных уладаў забараніць уезд у край Роберту Хабеку — лідару нямецкай федэральнай партыі «Зялёныя».

Як лічаць аўтары ініцыятывы, забарона на візіт для эколага цалкам лагічная, паколькі апошні рэгулярна паклёпнічае на баварцаў. 

Сапраўды, Хабек неаднаразова крытыкаваў кансерватызм жыхароў Баварыі, якія традыцыйна галасуюць за правыя партыі. Ён нават казаў, што дэмакратыя з’явіцца на гэтай зямлі толькі пасля таго, як правыя згубяць дэпутацкую большасць. 

Неяк Хабек дазволіў экспромт пра тое, што любы егіпцянін для яго больш прывабны, чым баварац. З іншага боку, згаданыя словы Хабека тычацца толькі часткі жыхароў рэгіёну. Інакш бы эколага не запрасілі ў адну з баварскіх камунаў на мясцовае свята. Сарваць гэты візіт і вырашылі ў Баварскай партыі. 

Праўда, хутчэй за ўсё, на гэтым дэмарш і скончыцца. Не толькі таму, што забарона на ўезд у зямлю ФРГ для яе грамадзяніна — прававы нонсэнс. Справа і ў тым, што Хабека называюць без пяці хвілін наступным канцлерам ФРГ. Цяперашні кабінет Ангелы Меркель знаходзіцца на мяжы падзення, а фаварытам магчымых пазатэрміновых выбараў лічацца якраз «Зялёныя».

Паводле нямецкай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!